Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЛЕСТЫНЦЫ Ў ПАЛАСЕ ГАЗА ГАТОВЫЯ ЗГУБІЦЬ ГОНАР, КАБ ЗНАЙСЬЦІ ПРАЦУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Нягледзячы на нянавісьць і супраціў ізраільскай акупацыі іхных земляў, што пачаўся ў верасьні 2000 году, некалькі тысячаў палестынцаў працуюць на габрэйскіх пасяленцаў. Махамад працаваў мэханікам 25 гадоў, але бізнэс пайшоў на спад і давялося гараж зачыніць. Тры месяцы таму ён знайшоў працу ў адным зь ізраільскіх пасяленьняў.

“У першы дзень я сапраўды адчуваў сябе жахліва”, – кажа ён. – “Гэтаксама я адчуваю жах і сёньня.” Мне 50 год, у мяне сівыя валасы. Я – бос, які падымаецца кожную раніцу а палове шостай, каб зарабіць за дзень 40 шэкеляў (ці 10 даляраў),” – працягвае ён. Каб прайсьці праз кантрольна-прапускны пост у пасяленьне, Махамад мае чакаць пад дулам нацэленага на яго ізраільскага кулямёту, пакуль праз гукаўзмацняльнік не пракрычаць ягонае імя.

Тады ён перасякае КПП, што ахоўваюць жаўнеры і рэгіструецца разам са сваім працадаўцам – пасяленцам, на рамяні якога часьцяком вісіць зброя. Каб патрапіць на сваё працоўнае месца, ён мае прайсьці праз дэтэктар на мэтал. “Пасьля палестынскіх тэрарыстычных самазабойстваў у Ізраілі атмасфэра стала надзвычай напружаная,” – кажа Махамад і працягвае, – “Гэтым ранкам адзін з мэханікаў крыху пасьпяшаўся, каб першым прайсьці праз дэтэктар, дык пасялянец стрэліў па ягоных нагах…”

Палестынскія рабочыя сьцьвярджаюць, што іхныя майстэрні ізаляваныя ад жылых тэрыторыяў, і яны ніколі ня бачаць нікога, апрача сваіх босаў. Адзін з калегаў Махамада дадае, што бос назірае за імі са зброяй у руках, і яны нават ня могуць да яго наблізіцца.

Рабочы адмаўляецца нават сказаць сваё імя, вяртаючыся з пасяленьня. Тымчасам два палястынскія рыбакі, якія нас абміналі, называюць яго “вылюдкам”. “Натуральна, я адчуваю сябе брудным, бо гэта сапраўды зьняважліва працаваць на тых, каго ўся Палестына хацела б прагнаць адсюль”, – прызнае ён. Але неабходнасьць мець працу, каб пракарміць сям’ю перамагае ў Паласе Газа, дзе пануе галеча, а ўзровень безпрацоўя перакрочыў 50 адсоткаў.

“Гэта ня ёсьць для нас забавай. Мы штодня рызыкуем сваімі жыцьцямі на прапускных пунктах, дзе ў кожны момант могуць адбыцца сутычкі”, – кажа малады паяльшчык Хаміс, перад тым як заплаціць восем шэкеляў (два даляры) за праезд на аўтобусе дахаты.

Міжнародны Валютны Фонд прагназуе, што кожны другі палестынец будзе па-за рысай беднасьці ААН – два даляры на дзень – ужо да канца 2001 году, супраць 20 адсоткаў на пачатку году. Паказчыкі няспынна пагаршаюцца ў Паласе Газа ў параўнаньні з Заходнім Берагам.

15-гадовы палястынец прыгадвае леташні сэзон збору садавіны ў пасяленьні: “У мяне было толькі 15 хвілінаў, каб паесьці. Мой бос увесь час крычэў: “Працаваць! Працаваць!”

“Пасяленцы ўсяго толькі карыстаюцца з сытуацыі,” – кажа мэнэджэр невялікай будаўнічай фірмы, праходзячы праз КПП са сваімі трыма наёмнымі рабочымі. Да пачатку паўстаньня палестынцаў 14 месяцаў таму, я выкарыстоўваў на кожны праект да 100 тысячаў шэкеляў (25 тысячаў даляраў), цяпер яны даюць толькі 40 тысячаў”, – скардзіцца ён, – “Гэта калі яны ўвогуле плацяць мне. Яны мне вінаватыя больш за 130 тысячаў шэкеляў (трыццаць дзьве з паловай тысячы даляраў), якія я так і не магу вярнуць, нягледзячы на рашэньне суду”.

З роспачу ў голасе ён дадае: “Мы не павінны былі прыходзіць сюды”.
XS
SM
MD
LG