Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* МЫС КАНАВЭРАЛ (ФЛОРЫДА). Двое астранаўтаў зь Міжнароднай Касьмічнай Станцыі ў панядзелак другі раз за два тыдні выйшлі у адкрыты космас для рэмонту станцыі. Яны абгарнулі тэрмаізаляцыйным пакрыцьцём мачту 70-мэтровай сонечнай антэны. Матор, які паварочвае антэну, спажываў зашмат энэргіі, з-за вялікага перападу тэмпэратураў на арбіце — ад -100 да +100 градусаў цэльсія. Міжнародная Касьмічная Станцыя працуе ў рамках супольнай праграмы з удзелам Злучаных Штатаў, Расеі, Канады, Эўропы і Японіі.

* СТАКГОЛЬМ. Больш за сто ляўрэатаў Нобэлеўскіх прэміяў падпісалі зварот, дзе выказалі занепакоенасьць з прычыны зьмены клімату на Зямлі і скрытыкавалі палітыку прэзыдэнта Злучаных Штатаў Буша ў галіне супрацьракетнай абароны. Ляўрэаты лічаць, што найбольшаю небясьпекай для сьвету ў найбліжэйшыя гады будзе незадаволенасьць беднай і бяспраўнай большасьці жыхароў плянэты. Зварот сярод іншых падпісалі Далай Лама, біскуп Дэзманд Туту і Міхаіл Гарбачоў. У Стакгольме і Осла ў сьвяткаваньні 100-годзьдзя Нобэлеўскай прэміі бралі ўдзел каля 200 з 225-ці жывых ляўрэатаў прэміі.

* САНТ’ЯГА (ЧЫЛІ). Астраномы ўпершыню выявілі цьмяную зорку — частку нябачнай гэтак званай «цёмнай матэрыі» ў галяктыцы Млечнага Шляху. «Цёмнай матэрыяй» называюць частку сусьвету якая застаецца нябачная, бо не выпраменьвае сьвятла і мае невядомую будову. Навукоўцы мяркуюць, што «цёмная матэрыя» складае да 90% усёй матэрыі сусьвету. Адкрыцьцё было зроблена з дапамогай найбольшага ў сьвеце тэлескопу Эўрапейскай паўдзённай абсэрваторыі, якая разьмешчаная ў мясцовасьці Сэра Параналь у Чылі.

* РЫМ. Італьянскія ўлады далі дазвол на пабудову рухомых дамбаў, каб ня даць патануць Вэнэцыі, якая павольна апускаецца ў ваду. Дамбы, якія будуць стаяць пры ўваходах у вэнэцыянскую лягуну, будуць ахоўваць горад ад прыліваў. Вэнэцыя, якая стаіць на мільёнах драўляных паляў, забітых у балоцісты грунт, апошнія тысячу гадоў апускалася ў ваду ў сярэднім па 10 сантымэтраў за стагодзьдзе, аднак за ХХ стагодзьдзе горад апусьціўся больш чым на 20 сантымэтраў.

* ГАВАНА. Канадыйскія дасьледнікі знайшлі глыбока на дне акіяну каля ўзьбярэжжа Кубы рэшткі мураваных пабудоваў, магчыма, збудаваных невядомай цывілізацыяй тысячы гадоў таму. Паводле дасьледнікаў, загадкавыя будынкі на глыбіні 600 мэтраў, якія нагадваюць затанулы горад, маглі быць збудаваныя 6000 гадоў таму, на паўтары тысячы гадоў раней за эгіпэцкія піраміды. Гэтая знаходка можа пацьвердзіць гіпотэзу, што некалі Куба была злучаная з кантынэнтам паласой зямлі, што цягнулася ад паўвостраву Юкатан.

* ЛЁНДАН. Пасьля доўгіх гадоў дасьледаваньняў і месяцаў апрацоўкі дадзеных фізыкі так і ня здолелі знайсьці гіпатэтычную атамную часьцінку, якая магла б дапамагчы раскрыць сакрэт будовы сусьвету. Гэтак званы «базон Хігза» — тое адсутнае зьвяно, якое магло б даць адказ на пытаньне, чаму матэрыя мае масу — застаецца нязнойдзены, і фізыкі пачалі баяцца, што ён наагул не існуе. Гіпотэза Пітэра Хігза з тлумачэньнем, чаму матэрыя мае масу, была запрапанаваная ў 60-х гадох. Паводле часопіса New Scientist, без базона Хігза не існуе даставернай тэорыі матэрыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG