Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЖАНЧЫНЫ ЎСПРЫМАЮЦЬ ЛУКАШЭНКУ ЯК СВАЙГО ЎДАЧЛІВАГА СЫНА


Віталь Цыганкоў, Менск

Праект "Беларусь: пэрспэктывы ў ХХІ-м стагодзьдзі" ажыцьцяўляўся некалькімі дасьледчымі цэнтрамі ад лютага гэтага году. За гэты час Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) і аналітычны цэнтар "Стратэгія" правялі 10 апытаньняў — 5 агульнабеларускіх і столькі ж дасьледаваньняў меркаваньняў эліты. Сёньня аналітыкі аб'явілі аб заканчэньні праекту і адначасова падсумавалі вынікі сваёй працы.

"У беларускім грамадзтве існуе глыбокі канфлікт каштоўнасьцяў", — канстатаваў прэзыдэнт аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка. Гэта паказваюць і вынікі апошняга кастрычніцкага дасьледаваньня, прысьвечанага прэзыдэнцкай кампаніі.

58% апытаных заявілі, што галасавалі 9 верасьня за Лукашэнку, 30% — за Ганчарыка, 4% — за Гайдукевіча. За Лукашэнку галасуюць пераважна людзі з пачатковай і сярэдняй адукацыяй, жыхары вёскі, пэнсіянэры. Зрэшты, менавіта гэтыя электаральныя тэндэнцыі адзначаюцца даволі даўно — не сакрэт і тое, што за Лукашэнку больш ахвотна галасуюць жанчыны.

Калі я папрасіў удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі пракамэнтаваць гэты фэномэн, намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандар Сасноў выказаў цікавую думку — "жанчыны ўспрымаюць Лукашэнку як свайго ўдалага сына". А Леанід Заіка прывёў сацыялягічныя дадзеныя, паводле якіх менавіта жанчыны — самая абяздоленыя частка беларускага грамадзтва, якая і выбірае сабе адпаведных палітычных лідэраў.

Што да палітычных лідэраў іншага, апазыцыйнага боку, то дадзеныя апытаньня лідэраў грамадзкай думкі сьведчаць пра тое, што ў гэтай сфэры чакаюцца істотныя перамены. Вось што сказаў у інтэрвію для Радыё Свабода Аляксандар Сасноў:

(Cасноў: ) "Апазыцыя павінна вельмі дакладна пераацаніць і сабе, і вынікі прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта тое, што ўжо зараз ідзе і ў сацыял-дэмакратаў, — думаю, што і АГП, і БНФ чакаюць пэўныя зьмены. Не абавязкова апазыцыя будзе новай, але — абноўленай, можна так сказаць.

Што ж тычыцца лідэра апазыцыі, то паводле апытаньняў лідэраў грамадзкай думкі, былыя лідэры прэзыдэнцкай гонкі амаль ня маюць аніякіх пэрспэктываў. Я думаю, мясцовыя і парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца за бліжэйшыя гады, выявяць новага лідэра апазыцыі. Гэтае месца пакуль што, на мой погляд, вакантнае".

Зрэшты, і ўлада разумее неабходнасьць пэўных пераменаў. На думку Леаніда Заікі, апошнія крокі ўладаў (адмена дэкрэту №40, заявы пра лібэралізацыю эканомікі) паказваюць, што яны гатовыя прызнаць наяўнасьць уласных інтарэсаў розных групаў насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG