Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СМАРГОНІ НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ РЭГІСТРАВАЦЬ ГАЗЭТЫ


Сяргей Астраўцоў, Смаргонь

Суд адхіліў пазоў Рамана Ўлана да Смаргонскага райвыканкаму, аднак гэта дае пэўную надзею. Пазоў адхілены на той падставе, што няма рашэньня выканкаму. Спадар Улан атрымаў толькі ліст з адмоваю, падпісаны старшынём выканкаму Станіславам Юргелем — значыцца, няма прадмету спрэчкі, вырашыў суд.

У Смаргоні парушылі Закон аб мясцовым самакіраваньні і мясцовых органах улады. Старшыня прыняў асабістае рашэньне, якое ў кампэтэнцыі выканкаму. Хаця гэта не выключнае здарэньне — такія ж адмовы спадар Улан атрымаў з Ашмянаў і Астраўца. Адмаўлялі не выканкамы, а асабіста іхныя старшыні. А значыцца, зь юрыдычнага гледзішча, рашэньняў адносна ягонай заявы няма.

"Новая газета Смаргоні" выходзіць двойчы на тыдзень, агульным накладам 13 500 асобнікаў. Узьнікла задума стварыць кансорцыюм і асобныя выданьні "Новай газеты" для суседніх раёнаў — Астравецкага і Ашмянскага. Прычым, нават не забаронена, каб усе тры газэты выдаваліся ў Смаргоні. Аднак узгадніць разьмяшчэньне дзьвюх новых рэдакцыяў зь мясцовымі ўладамі не атрымалася.

Рашэньне абласнога гаспадарчага суду Раман Улан атрымае поштай. Да таго часу ён ня мае права браць нейкіх дзеяньняў. А потым ён будзе дамагацца, каб адносна яго заявы аб разьмяшчэньні новых рэдакцыяў газэт рашэньне прыняў райвыканкам.

Праўда, юрысты патлумачылі яму наступную акалічнасьць. Калі Смаргонскі райвыканкам прыме адмоўнае рашэньне, гаспадарчы суд можа прызнаць яго незаконным. Аднак суд ня можа скасаваць гэтага рашэньня або прымусіць выканкам прыняць іншае. А Міністэрства інфармацыі без станоўчага рашэньня, без дазволу мясцовых уладаў новых газэтаў не зарэгіструе.

Раман Улан лічыць, што ўлады баяцца канкурэнцыі для сваіх дзяржаўных раённых газэт. Яны таксама не жадаюць, каб насельніцтва мела мясцовыя альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG