Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭДАКТАР ЗАКРЫТАЙ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ” Ў СУДЗЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Судзьдзя Дземчанка зачытаў міліцэйскі пратакол. Згодна зь ім Мікола Маркевіч удзельнічаў у недазволеным пікеце. Пікетчыкі пратэставалі супраць закрыцьця газэты "Пагоня" гаспадарчым судом, якое адбылося 12 лістапада. Тры міліцэйскія капітаны пацьвердзілі ў судзе тое, што запісана ў пратаколе датычна пікету.

Мікола Маркевіч нагадаў, што паводле канстытуцыі кожны грамадзянін мае правы і свабоды. У тым ліку – на пікетаваньне. А калі некаторыя беларускія законы не адпавядаюць міжнароднаму праву, дык павінна дзейнічаць міжнароднае права.

Судзьдзя Дземчанка адказаў, што без дазволу ўладаў усё не дазволена. Калі ўстаць на вуліцы з плякатам – "Я хачу двухпакаёвую кватэру" альбо "Я не забяру сёньня зь дзіцячага садка сваё дзіця", – гэта таксама будзе незаконнай акцыяй. Ён таксама нагадаў спадару Маркевічу, што яго пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 2 гады таму. Мікола Маркевіч пацьвердзіў, што тады ён удзельнічаў у праводзінах прэзыдэнта. І яго пакаралі штрафам.

Пасьля прагляду міліцэйскага відэафільму, прысьвечанага пікету, судзьдзя Дземчанка сказаў, што прысуд спадару Маркевічу зачытае раніцай у чацьвер.
XS
SM
MD
LG