Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА АБВЕСЬЦІЛА ВАЙНУ СУПРАЦЬ ПРЫВАТНЫХ ШАПІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску ў розных мікрараёнах гораду абвешчана пра намер уладаў зьліквідаваць гандлёвыя шапікі. Адной з ахвяраў cтала прадпрымальніца Ніна Аўдзеева, у якой пад ліквідацыю патрапілі два шапікі на прыпынку ля чыгуначнага вакзалу

(Аўдзеева: ) "Атрымала загад зьнесьці свае шапікі да 31 снежня. Ня ўказваючы куды, не даючы новых месцаў. Гэта ёсць 994-ае распараджэньне гарвыканкаму. Між тым, я найлепшая прадпрымальніца дробнарозьнічнага гандлю Маскоўскага раёну. Гэта было паводле вынікаў 1999-га і леташніх вынікаў. Гэта вядома раённай адміністрацыі, і тым ня менш такое вось рашэньне. Гэты прыпынкавы комплекс я ставіла за свой кошт. Каштавала мне гэта каля 20 тысячаў даляраў. Прыпынак там будзе. Але нехта вось зьявіўся, камусьці спатрэбілася гэтае месца".

Гэтае меркаваньне склалася ў яе пасьля шматлікіх зваротаў у структуры ўлады. Афіцыйнаму тлумачэньню, што прадпрымальніцкія шапікі быццам бы надавалі плошчы перад чыгуначным вакзалам нецывілізаваны выгляд, яна ня верыць.

У атачэньні прадпрымальнікаў усё больш умацоўваецца думка, што цяперашні наступ на гандляроў ёсць вынікам больш далёкіх плянаў уладаў. А менавіта – стратэгія на абмежаваньне гандлёвай сфэры прыватнага бізнэсу, з тым, каб скіраваць насельніцтва ў дзяржаўныя крамы. Ці так гэта?

З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся сёньня да першага намесьніка міністра гандлю Міхаіла Сьвянціцкага, які паведаміў нашаму радыё наступнае:

(Сьвянціцкі: ) "Пазыцыя Міністэрства гандлю тут пэўная і выразная. Мы лічым ненармалёвым, што сёньня трэцяя частка таваразвароту ў краіне прыпадае на неарганізаваны сэктар. І гэта пры тым, што матэрыяльна-тэхнічная база гандлю дазваляе той жа таваразварот мець у стацыянарных прадпрыемствах гандлю. Трэба арганізоўваць цывілізаваны гандаль. Што тычыцца зносу шапікаў, то гэта кампэтэнцыя мясцовых уладаў, у Менску –гарвыканкаму. Але мне вядомыя падыходы гарвыканкаму, паводле якіх трэба нашы, прынамсі, цэнтральныя вуліцы і магістралі ачысьціць ад гэтых шапікаў".

Паводле словаў першага намесьніка міністра гандлю, такая палітыка правільная, і таму ў краіне будзе мэтанакіравана звужацца сэктар дробнарозьнічнага прыватнага гандлю. Нягледзячы на той факт, што тавары ў гэтым сэктары каштуюць таньней, чымсьці ў дзяржаўным гандлі.
XS
SM
MD
LG