Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ЛІБРЭВІЛЬ (ГАБОН). 11 чалавек памерлі ў Габоне ад невылечнай інфэкцыйнай хваробы эбола. Сусьветная арганізацыя здароўя паведаміла, што асяродак эболы ўзьнік на паўночным усходзе Габону на мяжы з Конга. Летась ва Ўгандзе падчас апошняга выбуху хваробы памерла 224 чалавекі. Эбола перадаецца празь непасрэдны кантакт з хворымі. Хвароба пачынаецца сымптомамі, падобнымі да грыпу, пасьля ўзьнікае ўнутраны крывацёк, ванітаваньне і дыярэя. Ад 50 да 90 працэнтаў хворых памірае. Мяркуецца, што вірус эболы пераносіцца некаторымі жывёламі і інсэктамі. Звычайна хвароба забівае чалавека хутчэй, чым пасьпявае перадацца іншаму, і такім чынам ейныя выбухі самі сабой затухаюць. Ад 1976 году, калі эбола была выяўленая ўпершыню на поўначы Заіру, ад яе памерла больш за 800 чалавек.

* НЬЮ-ЁРК. Эмацыйнае напружаньне ў выніку тэрарыстычных нападаў 11 верасьня і пагрозаў біятэрарызму прывяло да таго, што амэрыканцы сталі ўжываць болей алькаголю і наркотыкаў. Дасьледаваньне Цэнтру наркатычнай залежнасьці паказала, што ў 13 штатах і чатырох буйных гарадах павялічылася колькасьць пацыентаў наркалягічных клінікаў, прычым сярод гэтых гарадоў і штатаў - усе тыя, дзе адбыліся выбухі або былі выяўленыя бактэрыі антраксу. Амэрыканская ракавая асацыяцыя паведаміла, што з прычыны зьвязанага з апошнімі падзеямі стрэсу за апошнія месяцы таксама значна павялічылася колькасьць выкураных цыгарэт.

* БРУСЭЛЬ. Супрацоўнікі Навуковага камітэту Эўразьвязу прыйшлі да высновы, што каровіна шаленства ня можа перадавацца жывёле ніякім іншым шляхам, як толькі празь ежу або ад каровы да цяляці. У адмысловай заяве камітэту гаворыцца, што дагэтуль не пацьвердзіліся ніякія альтэрнатыўныя гіпотэзы наконт нейкага трэцяга шляху перадачы хваробы. Каровіна шаленства — або губчатая энцэфалапатыя рагатай жывёлы — ужо стала прычынай сьмерці тысячаў галоваў жывёлы па ўсёй Эўропе.

* СТАКГОЛЬМ. Сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны заклікалі дазволіць клянаваньне эмбрыёна чалавека для вырабу клетак у мэтах мэдычных дасьледаваньняў. Брытанскі ляўрэат Пол Нэрс заявіў, што праблема клянаваньня выклікала больш эмоцыяў, чым прадметных спрэчак, і што нельга забараніць дасьледаваньні з-за боязі магчымых злоўжываньняў. Нэрс і два іншыя ляўрэаты — брытанец Тыматы Гарт і амэрыканец Леланд Гартўэл — атрымалі прэмію за дасьледаваньне працэсу дзяленьня клеткі. Нэрс назваў галоўнай задачай мэдыцыны ў гэтым стагодзьдзі выяўленьне мэханізму дзеяньня геному чалавека. «Геном, - сказаў ён, - гэта толькі сьпіс дзейных асобаў п’есы, але мы яшчэ не зразумелі сюжэт, а тым болей паасобныя рэплікі пэрсанажаў».

* ЛІЁН (ФРАНЦЫЯ). Француская біятэхналягічная фірма паведаміла ў панядзелак пра пасьпяховую спробу клянаваньня эмбрыёна пацука, што ўяўляе сабой яшчэ адзін крок у распрацоўцы клетачнай тэрапіі. Вынікі спробы сьведчаць пра посьпех у разьвіцьці тэхналёгіі, якая дазволіць перапраграмаваньне ядраў клетак пацука. Фірма GenOway, разьмешчаная ў Ліёне, працуе над праграмай стварэньня генэтычна маніпуляваных пацукоў для далейшага выкарыстаньня ў мэдычных экспэрымэнтах. Навукоўцы змогуць «уключаць» або «выключаць» паасобныя гены для праверкі новых мэтадаў лячэньня.

* НЬЮ-ЁРК. Фармацэўтычная кампанія «Bayer» абвясьціла пра вынікі тэстаў новых таблетак ад імпатэнцыі — вардэнафілу. У 85 працэнтах выпадкаў ужываньне вардэнафілу дало станоўчыя вынікі. Такім чынам, вардэнафіл — ня менш эфэктыўны лек ад імпатэнцыі за славутую віягру, якая дапамагае 82-ум працэнтам пацыентаў. Новыя таблеткі паступяць у продаж ва ўсім сьвеце ўвосень наступнага году.
XS
SM
MD
LG