Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВАРТА ЧАКАЦЬ РЭАЛЬНАГА СКАРАЧЭНЬНЯ КОЛЬКАСЬЦІ ДЗЯРЖАЎНЫХ ЧЫНОЎНІКАЎ?


Ігар Карней, Менск

Паводле ўказу, колькасьць работнікаў апарату абласных і гарадзкіх выканкамаў павінна наўпрост залежаць ад колькасьці насельніцтва на канкрэтнай тэрыторыі, колькасьці органаў мясцовага самакіраваньня, аб'ёмаў вытворчасьці ў рэгіёне і г.д.

Разьлікі, праведзеныя экспэртамі прэзыдэнцкай адміністрацыі, сьведчаць, што колькасьць залішніх чыноўнікаў зараз складае ў сярэднім 10%. На думку многіх аналітыкаў, агулам гэтая лічба неістотная, бо мае на ўвазе адсотак не ад ўсяго выканкаму цалкам, а толькі ад канкрэтнага аддзелу ці ўпраўленьня. З улікам, што штат супрацоўнікаў асобных аддзелаў райвыканкамаў рэдка перавышае 10 чалавек, то скарачэньне можа закрануць толькі адзінкі.

Былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір узгадвае, што размовы пра скарачэньне штату дзяржаўных чыноўнікаў вядуцца "колькі ён сябе памятае". У часе ягонага прэм'ерства таксама было некалькі спробаў пазбавіцца ад некаторай колькасьці апаратчыкаў, але ніводнага разу далей гучных абяцаньняў справа ня рухалася. Таму чарговыя пагрозы на адрас мясцовых адміністрацыяў спадар Чыгір расцэньвае як гульню.

(Чыгір: ) "Гэтыя скарачэньні ідуць яшчэ з савецкага часу. Але насамрэч колькасьць чыноўнікаў чамусьці заўсёды павялічваецца. І цяпер будзе тое ж самае. Нядаўна спрабавалі скараціць колькасьць легкавых аўтамабіляў у карыстаньні чыноўнікаў. Што адбылося? Зьнешне пэрсанальных машынаў стала быццам меней. Але рэальна той жа самы чыноўнік езьдзіць на той жа самай машыне, толькі з надпісам "тэхналягічная".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, вы лічыце, што ўсё гэта — фікцыя?"

(Чыгір: ) "Я лічу, што 10% — гэта наогул не скарачэньне. Каб абяцаныя скарачэньні ішлі б цягам нават апошніх сямі гадоў, дык колькасьць чыноўнікаў была б ужо "чырвоным сальда" — як у бугальтарскім уліку кажуць. А яна ўсё ж расьце".

(Карэспандэнт: ) "Тады навошта такі ўказ наогул?"

(Чыгір: ) "Пыл у вочы пусьціць. Можа, нават дзе якое скарачэньне і адбудзецца — на аднаго–двух чалавек. Але гэта агульная тэндэнцыя. Колькасьць чыноўнікаў павялічаная, колькасьць праваахоўчых органаў завышаная, колькасьць кантралюючых органаў гэтаксама не адпавядае патрэбам. І ніякіх кардынальных захадаў для іх скарачэньня ня робіцца".

(Карэспандэнт: ) "У той час, калі вы былі прэм'ерам, падобныя захады былі?"

(Чыгір: ) "Так. Таму я ведаю, што насамрэч ніякіх скарачэньняў не адбываецца".

Паводле Міхаіла Чыгіра, нават за гучнымі лічбамі скарачэньняў пасадаў намесьнікаў старшыняў выканкамаў (на 28% у аблвыканкамах і нават на 45% у Менгарвыканкаме) няма рэальных зьменаў.

Найперш, пяць–шэсьць намесьнікаў аднаму кіраўніку не патрэбна аб'ектыўна. Па-другое, ніводзін чыноўнік далей сьценаў выканкаму пераведзены ня будзе, бо адыграе сваю ролю карпаратыўная салідарнасьць. І, нарэшце, сыстэма дзяржаўнага кіраваньня абрасла такой колькасьцю ўзаемазалежных структураў, што працаўладкаваньне лішняга чыноўніка на новую пасаду не складзе ніякіх цяжкасьцяў.
XS
SM
MD
LG