Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ, МАГЧЫМА, ЯШЧЭ СЁЛЕТА


Уладзімер Глод, Менск

Рашэньне накіраваць адмысловую дэлегацыю Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Беларусь дзеля вывучэньня сытуацыі ў краіне было прынятае ў Вільні месяц таму, у часе выязнога паседжаньня Палітычнага камітэту ПАРЭ.

Менавіта гэтая дэлегацыя выкажа свае прапановы кіраўніцтву Парлямэнцкай Асамблеі наконт таго, ці вяртаць Беларусі статус "адмыслова запрошанага", які быў прыпынены яшчэ 13 студзеня 1997 году.

Паседжаньне ў Вільні, на якое не былі запрошаныя ні прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў, ні апазыцыі, і якое ўвогуле праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, выклікала ў апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі занепакоенасьць.

Сталі гучаць меркаваньні, што ПАРЭ, адрозна ад Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і Эўрапарлямэнту, зьніжае плянку патрабаваньняў да беларускіх уладаў; што з чатырох вядомых умоваў выключаныя дзьве, замест якіх прапануюцца менш значныя — увядзеньне пасады амбудзмэна і адмена пакараньня сьмерцю.

Ці сапраўды гэта так, пытаюся ў спадара Медалінскаса, які непасрэдна ўдзельнічаў у тым паседжаньні. Мой суразмоўца тлумачыць, што новыя ўмовы ўзгадваліся не як самастойныя, а як разьвіцьцё чатырох асноўных.

(Медалінскас: ) "Казалі пра чатыры прынцыпы. Ня ўсе выступоўцы ўзгадвалі канкрэтна чатыры прынцыпы, альбо гаварылі пра галоўныя прынцыпы. Казалі пра неабходнасьць з боку Беларусі зрабіць канкрэтныя крокі ў гэтым накірунку".

Апошнім часам ПАРЭ ясна дае зразумець, што бачыць адмысловую ролю Літвы адносна зьмягчэньня сытуацыі ў Беларусі. Гэта тлумачыцца ня толькі тым, што Літва ёсьць блізкім суседам, але і тым, што яна цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы.

Свой прагноз наконт спэцыфічнай ролі афіцыйнай Вільні для нашага радыё робіць сябар парлямэнту Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс.

(Ландсбэргіс: ) "Магчыма, што Літва магла б спрыяць, каб сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі не пагаршалася, дэманструючы гэта як добры знак, што вельмі хоча Эўразьвяз. І, напэўна, таму Эўропа нават заплюшчвае вочы на закрыцьцё свабоднай прэсы ў Беларусі, якое працягваецца.

Але для Літвы тут ёсьць праблема. Гэта — Усхопчык. І гэтую праблему стварылі наўмысна, так што Літва ў цяжкім становішчы. Літва мае добрую волю і вялікае жаданьне паспрыяць, каб у Беларусі было лепш, і ў той жа час наша краіна выстаўленая на такое маральнае выпрабаваньне".

Наша даведка:

Генэрал Уладзімер Усхопчык, пра якога ўзгадвае Вітаўтас Ландсбэргіс, у студзені 1991 году камандаваў вайсковым гарнізонам Вільні. Менавіта ён кіраваў апэрацыяй супраць абаронцаў тэлевізійнага цэнтру і парлямэнту Літвы. Падчас гэтых падзеяў загінулі мірныя жыхары.

Пракуратура Літвы неаднаразова рабіла спробы дапытаць Усхопчыка наконт ягонага ўдзелу ў той апэрацыі. Аднак зрабіць гэтага не ўдалося, бо Ўсхопчык пакінуў краіну.

У сярэдзіне 1990-х Усхопчык аб'явіўся ў Беларусі. Спачатку служыў у Горадні. Потым быў прызначаны камандзірам пятага армейскага корпусу ў Бабруйску. У траўні 1999 году Лукашэнка прызначыў Усхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі.
XS
SM
MD
LG