Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ШТОГОД ЗАБІВАЮЦЬ 12 ТЫСЯЧАЎ ЖЫВЁЛАЎ-ВАЛАЦУГАЎ


Ігар Карней, Менск

Кватэру Людмілы Атрашкевіч я знайшоў па сабачым брэху. Але гаспадыня супакойвае: так ейныя выхаванцы вітаюць любога, чыё набліжэньне адчуваюць. Спадарыня Атрашкевіч — старшыня таварыства "Ратаваньне".

Гуманізм да жывёлы дэманструе ўласным прыкладам: у ейнай аднапакаёвай кватэры жывуць шэсьць сабакаў ды кот. Апярэджваючы наступнае пытаньне, кажа, што ўтрыманьне гэткай колькасьці едакоў параўнальна зь вялікай сям'ёй. Да таго ж, кожны сабака абкладзены істотным падаткам. Таму пытаюся пра іншае: як рэагуюць на досыць шумнае суседзтва жыхары дому?

(Атрашкевіч: ) "Розныя суседзі ставяцца па-рознаму. Але пераважна добра. Я не магу казаць, што гэта вялізная любоў, але спачуваньне да бадзяжных жывёлін, натуральна, ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "Што да падатку на жывёлаў: ці ён для вас вельмі адчувальны?"

(Атрашкевіч: ) "Сапраўды, у 97-ым годзе быў уведены велізарны падатак. За маленькага сабачку трэба штомесяц плаціць 1,5 тысячы рублёў; за сярэдняга — 4 тысячы; за вялікага — 10 тысячаў. Гэта вельмі адчувальна, і людзі выкідваюць жывёлу на вуліцу. Штогод у Менску ловяць і зьнішчаюць 12 тысячаў котак і сабак. І хоць ёсьць пастанова, каб утрымліваць жывёлаў пяць дзён, але гэта не выконваецца, бо няма памяшканьняў. Таму іх зьнішчаюць адразу ў той жа дзень".

Прытулкі — найбольш актуальная тэма для таварыстваў абароны жывёлаў. Адрозна ад досьведу нават памежных зь Беларусьсю краінаў, у ніводным беларускім горадзе такога прытулку няма.

(Атрашкевіч: ) "Каб грамадзтва было багацейшым, такой колькасьці бадзяжных не было б. Улады нічога не робяць, каб сытуацыю зьмяніць. У 1994 годзе ўжо была дакумэнтацыя на пабудову часовага прытулку, дзе жывёла магла б знаходзіцца прынамсі некалькі дзён. Але калі мэрам стаў Ярмошын, усе працы спынілі. Летась пачалі распрацоўваць новы праект з пэрспэктывай пабудовы за шэсьць гадоў. Разьлічаны праект на 12 тысяч жывёлаў. Але гэта не прытулак, а месца, дзе зноў іх будуць зьнішчаць".

Людміла Атрашкевіч распавядае, што барацьба з бадзяжнымі йдзе нават на ўзроўні прэзыдэнцкіх дэкрэтаў. Прынамсі, калі таварыства "Ратаваньне" атрымала 700 даляраў ад Брытанскага каралеўскага таварыства абароны жывёлаў на стэрылізацыю сотні жывёлінаў, беларускія ўлады ня толькі забралі 20% ад кошту праекту, але й наклалі штраф за быццам прыхаваныя даходы. Падобнае становішча надзвычай абурае грамадзянку ЗША Ліну Булычову. 12 гадоў таму яна ад'ехала ў ЗША, сталася сябрам Усеамэрыканкага таварыства абароны жывёлаў і з таго часу падтрымлівае сталыя кантакты зь менскім таварыствам "Ратаваньне".

(Булычова: ) "Нью-Ёрк – гэта мэгаполіс, які шматразова перавышае Беларусь. Але на дзяржаўным узроўні вырашаная праблема бяздомных жывёлінаў. Як толькі гуманнасьць робіцца палітыкай дзяржавы, то вырашаецца ўсё — але паўтару, не скуралупства, а менавіта міласэрнасьць. Варта на вуліцы зьявіцца бяздомнай жывёліне, яе тут жа ўладкоўваюць у прытулак. Прытулкаў такіх мноства — дзяржаўных, гарадзкіх, прыватных. Як толькі чалавек пагледзіць на гэта як на абавязак абараніць слабога, а не забіць – праблемаў ня будзе. Але душа ў амэрыканцаў баліць нават за той невялікі адсотак, якіх вымушаныя засыпіць. Але розьніцу паміж засыпіць і забіць вы разумееце. За крык, пакуты мы ўсе нясем адказнасьць".

Усе, з кім мне давялося сустрэцца у таварыстве "Ратаваньне", абураныя тым, што дзяржава вымушае амаль кожнага стаць саўдзельнікам масавага зьнішчэньня жывёлаў. Нядаўна стала вядома, што грошы, якія гаспадары плоцяць за сваіх гадаванцаў у якасьці падатку, урэшце накіроўваюцца ня толькі на зьнішчэньне бадзяжкаў, але й на прэміяваньне асабліва спрытных скуралупаў. У ЗША, кажа мая суразмоўца Ліна Булычова, за такі "гасразьлік" кіраўніка адпаведнай структуры аддалі б пад суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG