Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЖЫСЭР "БЕЛАРУСЬФІЛЬМУ" РУСЛАН ЗГОЛІЧ ВЫЗВАЛЕНЫ З ПАСТАРУНКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выйшаў на волю рэжысэр "Беларусьфільму" Руслан Зголіч, імя якога стала шырока вядома пасьля арышту паводле падазрэньняў у крадзяжы свайго ж фільма. Праўда, абвінавачваньне ў крадзяжы стужкі зь яго не зьнятае, толькі зьмененая мера ўтрыманьня – у Зголіча ўзялі падпіску аб нявыездзе. Гэтыя абвінавачваньні Зголіч называе абсурднымі.

Апрача таго, супраць яго распачатая адміністрацыйная справа за хуліганства – ён быццам бы разьбіў шкло, калі яго затрымлівалі, што з большага рэжысэр прызнае. І ўсё ж ён не зьбіраецца проста чакаць. На міліцыянтаў зь Першамайскага райадзьдзелу міліцыі, якія зьбівалі яго у пастарунку, рэжысэр плянуе падаваць скаргу у пракуратуру, але галоўная барацьба для яго – з кінастудыяй "Беларусьфільм".

Рэжысэр ужо запатрабаваў ад міністэрства культуры праверыць расходваньне фінансаў, выдаткаваных на фільм "Госьці", які ён здымаў. Зголіч падазрае, што на "Беларусьфільме" некаторыя кіраўнікі выкралі частку грошай.

(Зголіч: ) "Таго ж Аляксандра Рыгоравіча падманулі на нашай здымачнай пляцоўцы, калі ён прыходзіў на "Беларусьфільм". Яму сказалі, што тут здымаюць беларускую стужку "Госьці", і потым пра гэта казалі ў рэпартажы. А на самой справе там здымалі расейскую стужку "Закон". Атрымалася недарэчнасьць, што ніякага "Закону" няма і ніякіх "Гасьцей". Другім падманам было, тое, што паказалі вяізную камэру "Арэфлекс 5". Спэцыялітсы ведаюць, што гэта вельмі дарагая камера, яна каштуе амаль поўмільёна даляраў – якраз на тыя грошы яе набылі, што Лукашэнка даў на падтрымку "Беларусьфільму". Дык вось на гэтай камеры працуюць на "Беларусьфільме", але на ёй не здымаюцца беларускія карціны. На той момант, калі ішлі гэтыя рэпартажы і казалі, што малады рэжысэр Руслан Зголіч здымае свой фільм на самай сучаснай камеры, мы на самой справе не зьнялі на ёй аніводнага кадру. Гэта ізноў была хлусьня”.

Руслан Зголіч сьцвярджае, што на "Беларусьфільме" перавагай карыстаюцца замоўцы расейскіх ды заходніх фільмаў, а нацыянальнае кіно, паводле яго, у занядбаным стане.

"Замежнікам аддаюцца павільёны, найлепшая апаратура, а свае кадры нічога ня маюць", – сьцвярджае Зголіч і заяўляе, што без рэфармаваньня "Беларусьфільму" нацыянальнае кіно у Беларусі не адрадзіць. Ён у гэтым яшчэ раз пераканаўся на досьведзе асабістага канфлікту з кіраўніцтвам кінастудыі, якое, ён не выключае, нацкавала на яго міліцыянтаў.

На "Беларусьфільме" па-ранейшаму адмаўляюцца камэнтаваць гісторыю з затрыманьнем маладога рэжысэра. Тымчасам апэратар і рэдактар фільму "Госьці" ўзяліся самі яе мантажаваць. Рэжысэр Зголіч супраць гэтага пратэстуе, паколькі лічыць, што "якасьць ўнікальнай карціны будзе недапушчальна зьніжана".
XS
SM
MD
LG