Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ МАГЧЫМА ДАЛУЧЫЦЦА ДА РАШЭНЬНЯ ПРАБЛЕМАЎ КАЛІНІНГРАДЗКАГА АНКЛЯВУ


Уладзімер Глод, Вільня

Традыцыйна лічыцца, што калінінградзкія пытаньні ў міжнародным кантэксьце ёсць справай чацьвёркі – Расеі, Летувы, Польшчы і Эўразьвязу. Аднак апошнім часам гэты пералік прапануюць пашырыць праз далучэньне да яго Беларусі і Латвіі.

Удзельнік дыскусіі дырэктар Менскага міжнароднага інстытуту палітычных даследваньняў Вячаслаў Пазьняк насупным чынам тлумачыць гэта:

(Пазьняк: ) "Беларусь і Калінінград належаць да аднаго рэгіёну, які аб'яднаны адзінай энэргетычнай сыстэмай, адзінай транспартнай сыстэмай і адзінай вайсковай сыстэмай. Я маю на ўвазе супольную групоўку беларуска-расейскіх войскаў і абарончую інфраструктуру, якая абслугоўвае гэтую групоўку. А таксама, што нават больш важна – агульныя сілы супрацьпаветранай абароны".

Адметна, што кіраваць супольнай групоўкай у выпадку ўзьнікненьня ваеннай пагрозы павінен старшыня Вышэйшай дзяржаўнай рады Беларусі і Расеі. А гэтую пасаду ўжо даволі працяглы час займае Аляксандар Лукашэнка. Бадай, гэта абставіна перш-наперш і выклікае жаданьне бачыць афіцыйны Менск сярод краінаў, якія вырашаюць калінінградзкую праблему.

Найбольш актыўна тут дзейнічае Масква. Нагадаю, што менавіта ў Калінінградзе праходзіла адна з сэсіяў парляменцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі. Намесьнік дырэктара расейскага Інстытуту Эўропы Іван Іваноў, які толькі месяц таму заняў гэтую пасаду, а раней курыяваў у Міністэрстве замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Калініградзкую вобласьць, так пракаментаваў расейскі погляд на магчымасьць далучэньня Беларусі да рашэньня праблемаў анкляву.

(Іваноў: ) "Было жаданьне і былі спробы далучыць Беларусь да дыялёгу ў рамках паўночнага вымярэньня і дыялёгу ў рамках Калініграду. Але, на жаль, адносна паўночнага вымярэньня нічога зрабіць не ўдалося, Беларусь засталася па-за ягонымі рамкамі, хаця, на мой погляд, яна мела для гэтага ўсе магчымасьці. А што да дыялёгу датычна Калінінграду, дык Брусэль працягвае настойваць на чыста двухбаковым дыялёгу Брусэль-Масква".

Я папрасіў Вячаслава Пазьняка зрабіць асабісты прагноз наконт магчымага ўдзелу альбо няўдзелу Беларусі ў справах калінінградзкага анклаву.

(Пазьняк: ) "Я думаю, што мы маем два ці тры сцэнары. Першы – у тым, што будзе развівацца супрацоўніцтва – карыснае ў эканамічным сэнсе для Беларусі. Таксама калініградзкая мадэль можа быць выкарыстана і для рашэньня беларускіх пытаньняў супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Другі сцэнар не вельмі спрыяльны –калі ўзьнікае нейкая сувязь паміж настальгічнымі, касэрватыўнымі сіламі ў Калінінградзе і Беларусі. І гэта перашкаджае працэсам развіцьця супрацоўніцтва".
XS
SM
MD
LG