Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ ДАСЯГНУЎ БЭРЛІНУ


Алена Панкратава, Менск

Акцыя ў Бэрліне пачалася аб 11-й паводле бэрлінскага часу ў Трэптаў парку. Яе арганізатары — прадстаўнікі нямецкай сэкцыі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, беларускія і нямецкія студэнты, а таксама выкладчыкі Свабоднага ўнівэрсытэту ў Бэрліне і Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Франкфурце-на-Одэры.

Паводле арганізатараў, у Бэрліне вучацца каля 30 беларускіх студэнтаў, на пікет прыйшлі толькі восем зь іх. Прычыны вельмі зразумелыя. Нягледзячы на тое, што амаль усе падтрымалі акцыю, многія (яны маюць кароткатэрміновыя стыпэндыі на 10–12 месяцаў) не рызыкнулі ісьці да амбасады. Ім хутка вяртацца дадому, і яны перакананыя, што ў часе падобнага пікету іх будуць здымаць на відэа.

Мы датэлефанаваліся да студэнта-палітоляга Максіма Грушавога і папрасілі распавесьці, што адбываецца на месцы праз гадзіну пасьля пачатку акцыі.

(Максім: ) "Мы знаходзімся ля Трэптаў парку каля беларускай амбасады. Тут сабраліся беларускія студэнты і прадстаўнікі Amnesty International у Бэрліне. Побач стаіць машына, я так разумею, паліцыя. Спэцыяльныя службы Нямеччыны ахоўваюць амбасаду, стаяць між намі і будынкам".

(Карэспандэнтка: ) "Вы лічыце, што хтосьці з амбасады выйдзе да вас?"

(Максім: ) "Мы чакаем, што хтосьці выйдзе з амбасады, тут ёсьць пэтыцыя, якую мы хочам перадаць да супрацоўнікаў беларускай дыпмісіі. Але ж тыя глядзяць на нас з вокнаў і не сыходзяць наніз.

Зараз тут праходзяць людзі, пытаюцца, што тут ёсьць, для чаго сабраліся. Мы трымаем у руках вялікі плякат, дзе напісана па-беларуску й па-нямецку: "Дзе знаходзяцца зьніклыя?" Таксама мы трымаем плякат Amnesty International са здымкамі зьніклых палітыкаў і беларускі сьцяг, бел-чырвона-белы".

А зараз інтэрвію даюць нямецкія ўдзельнікі акцыі:

(Пэтэр: ) "Маё імя Пэтэр Лізэганг, я навуковы супрацоўнік у Эўрапейскім унівэрсытэце ў Франкфурце-на-Одэры. І на працягу пяці гадоў спэцыялізуюся па Беларусі. Зразумела, я добра паінфармаваны, што адбываецца ў палітычыным жыцьці гэтай краіны. Калі я больш стаў паглыбляцца ў беларускую сытуацыю, я стаў больш разумець, наколькі важная для Беларусі міжнародная салідарнасьць.

Я не спадзяюся, што да нас хто-небудзь выйдзе з будынку беларускай амбасады, аднак, я лічу, што гэта сымбалічная акцыя. Вельмі добра, калі ў беларускіх мэдыях зьявіцца паведамленьне, што такая акцыя ўпершыню прайшла ў Нямеччыне. Гэта свайго роду сыгнал салідарнасьці, які сьведчыць, што і ў Нямеччыне ёсьць людзі, якім не абыякавая сытуацыя ў Беларусі".

(Дан: ) "Мяне завуць Дан Рыхтэр, і я працую каардынатарам групы па Беларусі ў нямецкай сэкцыі Amnesty International. Мэта нашае акцыі — нагадаць афіцыйным беларускім колам, што яны адказныя за зьніклых палітычных апанэнтаў рэжыму. Мне здаецца, што апошнім часам цікавасьць да палітычнай сытуацыі ў Беларусі пакрысе большае — асабліва да такога пытаньня як парушэньне правоў чалавека. Гэта апошняя краіна ў Эўропе, дзе існуюць пакараньні сьмерцю, дзе зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG