Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* АМСТЭРДАМ. У красавіку наступнага году рэжысэр Стывэн Сёдэрбэрг, ведамы зь фільму «Трафік», пачынае здымаць фільм «Салярыс» паводле кнігі Станіслава Лема, ужо экранізаванай у 1972 годзе Андрэем Таркоўскім. У галоўнай ролі выступіць Джордж Клуні, які ўжо здымаўся ў фільмах Сёдэрбэрга «Out of sight» і «Ocean's eleven». Прадукцыяй «Салярысу» будзе займацца кампанія Джэймса Камэрона Lightstorm Entertainment.

* ОСЛА. Пол Макартні выступіць на гэтым тыдні ў Осла на канцэрце, прысьвечаным 100-годзьдзю Нобэлеўскай прэміі міру. Макартні выканае песьні з свайго новага альбому на канцэрце, які адбудзецца ў аўторак і на якім таксама выступяць гаіцянскі выканаўца рэпу Ўікліф Жан, сьпявачка стылю рытм-энд-блюз Анастасія, аўстралійская поп-зорка Наталі Імбрулья, амэрыканскае трыё «Destiny's Child», брытанскі опэрны сьпявак Расэл Ўотсан і міжнародны дзіцячы хор.

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. 54-гадовы Арнольд Шварцэнэгер заключыў кантракт на здымкі ў фільме «Тэрмінатар-3», праца над якім пачнецца ў красавіку, а сам фільм выйдзе на экраны летам 2003 году. Сюжэт фільму хаваецца ў глыбокай таямніцы, аднак вядома, што падзеі адбываюцца празь 10 гадоў пасьля «Тэрмінатара-2» і што ворагам дваццацігадовага Джона Конэра і ягонага сябра-кібарга, якога йграе Шварцэнэгер, будзе магутная тэрмінатарка, яшчэ страшнейшая за антыгероя «Тэрмінатара-2». Шварцэнэгер атрымае за ролю рэкордны ганарар - 30 мільёнаў даляраў.

* ГАВАНА. На Кубе прайшлі дні памяці Джона Ленана, якога камуністычныя ўлады залічылі ў рэвалюцыянэры і змагары з буржуазным ладам. Па ўсёй краіне прайшлі канцэрты, мастацкія выставы, кніжныя прэзэнтацыі, прысьвечаныя 21-ай гадавіне з дня забойства былога «бітла». Галоўныя ўрачыстасьці адбыліся каля бронзавай статуі Ленана ў гаванскім парку. Статуя была пастаўленая год таму пры ўдзеле Фідэля Кастра. Кубінскія ўлады асабліва шануюць Ленана за ягоную абарону расавай роўнасьці і правоў жанчын і працоўных, за яго пацыфістскую кампанію супраць вайны ў Віетнаме.

* МІЛЯН. У мінулую пятніцу ў тэатры Ля Скала адбылася прэм’ера опэры Вэрдзі «Атэла» з удзелам Плясіда Дамінга. Гэта была апошняя прэм’ера перад рэмонтам тэатру, які распачнецца ў лютым і працягнецца тры гады. Будынак XVIII стагодзьдзя архітэктара Джузэпэ П’ермарыні будзе мадэрнізаваны і прыстасаваны да сучасных патрабаваньняў. Квіткі на прэм’еру «Атэла» былі распрададзеныя ўжо за некалькі месяцаў да спэктаклю.

* НЬЮ-ЁРК. У выніку нападу на будынкі Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку загінулі ўнікальныя нэгатывы здымкаў Джона Кенэды. Калекцыя нэгатываў асабістага фатографа Кенэды Жака Лоў, якая налічвала каля 40 тысячаў адзінак, захоўвалася ў сэйфе банку Моргана ў адным з будынкаў цэнтру. Як паведаміла дачка фатографа, толькі каля 400 здымкаў са збору былі апублікаваныя. Агульны кошт незастрахаванай і бясьследна зьнішчанай калекцыі складаў каля 2 мільёнаў даляраў.

* ЛЁНДАН. Арыгінальны рукапіс партытуры опэры Моцарта «Вясельле Фігара» былі прададзеныя ананімнаму пакупніку на аўкцыёне «Садэбіз» за 1 мільён 600 тысячаў даляраў. Гэта самыя важныя рукапісы Моцарта, якія выстаўляліся на продаж за апошнія 10 гадоў. Яны ўяўляюць сабою дзесяць старонак партытуры для духавых інструмэнтаў і для літаўраў. Рэшта партытуры «Вясельля Фігара» — за выняткам гэтых дзесяці старонак — захоўваецца ў бібліятэках Бэрліна і Кракава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG