Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

Пленум Рэспубліканскага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў зьвярнуўся ва ўрад з просьбаю вярнуць пад дзяржаўную ахову помнікі абласной і мясцовай значнасьці. Ахова была скасаваная ў адпаведнасьці з пастановаю Савету міністраў №1383 "Аб упарадкаваньні дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасьцяў". Безабаронных помнікаў мясцовае значнасьці ў Беларусі каля 10 тысяч з агульнае колькасьці 15 тысяч. Сярод іх — каля 600 помнікаў Леніну, але бальшыня — сапраўды каштоўныя, у тым ліку — больш за 3000 помнікаў археалёгіі.

У бібліятэцы Нацыянальнае Акадэміі навук адчынілася выстава рукапісных кніг-"кітабаў", якія ў XVII–XX стагодзьдзях стварылі беларускія татары. Экспануюцца кнігі з фондаў самой бібліятэкі, а таксама з калекцыяў Мусульманскага рэлігійнага аб'яднаньня й Беларускага грамадзкага згуртаваньня татараў "Зікр уль-Кітаб". Сучасную каліграфію рэпрэзэнтуюць выкшталцоныя тэксты-"мугіры", намаляваныя мастачкаю з гораду Ўзды Асэяй Канапацкай. Выстава прысьвечаная сьвятому для мусульманаў месяцу Рамадан.

Найлепшыя гурты этнічнае музыкі, пісьменьнікі й навукоўцы ўзялі ўдзел у вечарыне, прысьвечанай юбілею Навукова-дасьледчае лябараторыі беларускага фальклёру, заснаванай 20 гадоў таму пры філфаку БДУ. Лябараторыя апрацавала больш як 3,5 мільёна назьбіраных студэнтамі ўнівэрсытэту запісаў усіх відаў фальклёру — казак, жартаў, зычэньняў, а найбольш — абрадавых песень. Колісь у лябараторыі было 15 супрацоўнікаў, цяпер засталіся чацьвёра. Скарачэньне дзяржаўнага фінансаваньня прымушае навукоўцаў прадаваць запісы фальклёру беларускім дыяспарам у замежжы.

У Бабруйску ў драматычным тэатры й культурна-спартовым комплексе "Шыньнік" прайшоў Другі фэстываль нацыянальнае драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. Найбольшы посьпех выпаў на долю п'есы Сяргея Кавалёва "Навука каханьня", спэктакль паводле якой паказаў Гарадзенскі абласны Тэатар драмы. Спэктакль распавядае пра Францішку Ўршулю Радзівіл, якая ў свой час сама пісала п'есы й ставіла іх у нясьвіскім тэатры Радзівілаў. Пастаноўшчык "Навукі каханьня" Алег Жугжда атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру. Актрыса Алена Гайдуліс, якая ўвасобіла вобраз Францішкі Ўршулі Радзівіл, адзначаная прызам фэстывалю за найлепшую жаночую ролю. Драматург Сяргей Кавалёў атрымаў прыз за плённую распрацоўку гістарычнае тэмы.

Споўнілася 5 гадоў адзінай у Беларусі фотагалерэі "Nova". Юбілей адзначаецца дэбютнаю выставаю маладых аўтараў "Фотаспробы". Экспануюцца здымкі на любы густ — эратычныя, філязофскія, абстрактна-графічныя. На адкрыцьці выставы прэзэнтавалі кампутарны кампакт-дыск "Сучасная беларуская фатаграфія". Электронны фотаальбом, створаны супрацоўнікамі галерэі, зьмяшчае каля 1000 найлепшых працаў беларускіх фотамастакоў.

11 менскіх будынкаў і Кальварыйскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў агульнанацыянальнае значнасьці. Сярод іх — дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы, Беларуская акадэмія мастацтваў, Тэатар юнага гледача, Нацыянальны музэй гісторыі і культуры, а таксама рэстаран "Папараць-кветка". На Кальварыйскіх могілках, не зважаючы на сьвежанабыты статус помніку культуры, зноў адбылося камэрцыйнае пахаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG