Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖЭЛКА ЗАЯВІЎ У СУДЗЕ, ШТО НІКОЛІ НЕ КАЗАЎ ПРА “ЭСКАДРОН СЬМЕРЦІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня на працэсе над групоўкай Ігнатовіча выступіў сьведкам былы генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка. Бажэлка абверг ранейшыя паказаньні Паўла Шарамета, які сьцьвярджаў, быццам чуў ад яго пра акалічнасьці расьсьледаваньня справаў аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Крыніцы з суду сьцьвярджаюць, што Бажэлка заявіў, што нічога не распавядаў Шарамету пра справы зьніклых і ніколі не сустракаўся зь ім у Маскве ці пад Масквой. Бажэлка нібыта сказаў, што асабіста з Шараметам ўвогуле не знаёмы.

Паводле крыніцаў з суду, былы генэральны пракурор не знаёмы таксама з усімі сябрамі групоўкі Ігнатовіча, у тым ліку былым спэцназаўцам Малікам, якога, калі верыць Шарамету, затрымалі першым і які на допыце з удзелам Бажэлкі распавёў пра абставіны спэцаперацыяў супраць Ганчара і Красоўскага.

Бажэлка нібыта сказаў, што ў такім допыце ён ня ўдзельнічаў. На астатнія пытаньні адносна справаў зьніклых Бажэлка, паводле крыніцаў, адказваць адмовіўся, спаслаўшыся на Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

З просьбай пракамэнтаваць паказаньні ў судзе Алега Бажэлкі я зьвярнуўся да журналіста ОРТ Паўла Шарамета. Вось што ён сказаў нашаму радыё:

(Шарамет: ) "Гэта хлусьня, прычым поўная хлусьня. Мы сустракаліся з Бажэлкам неаднойчы, і сустракаліся ў прысутнасьці іншых асобаў, а ня толькі сам-насам. Сустрэчы адбываліся ў траўні–чэрвені, гэта было ў манастыры каля Масквы, прысутнічала некалькі асобаў і вёўся відэазапіс, наколькі мне вядома. Таму я лічу, што Бажэлка зараз задаўлены ўладамі Беларусі й ня хоча казаць праўду".

Нагадаю, два тыдні таму ён выступіў у судзе з абвінавачаньнямі найвышэйшых кіраўнікоў краіны ў тым, што яны маюць дачыненьне да зьнікненьняў лідэраў апазыцыі. У прыватнасьці, называлася прозьвішча цяперашняга генэральнага пракурора Віктара Шэймана, які нібыта кіраваў апэрацыямі "эскадрону сьмерці" супроць Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

Вылучаючы гэтыя абвінавачаньні, Павал Шарамет спасылаўся на Бажэлку. Ён і цяпер сьцьвярджае, што ўсё сказанае са словаў Алега Бажэлкі — праўда. Шарамет гатовы паўтарыць гэта ў судзе ды назваць прозьвішчы сьведкаў.
XS
SM
MD
LG