Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЬБІЛІ РЭЖЫСЭРА РУСЛАНА ЗГОЛІЧА, А ПОТЫМ АБВІНАВАЦІЛІ ЯГО Ў КРАДЗЯЖЫ СТУЖАК


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Фільм "Госьці", які Руслан Зголіч зьняў на "Беларусьфільме", — гэта дэтэктыў, у якім добрыя міліцыянты ловяць дрэнных злачынцаў. Гісторыя, што здарылася з самім Зголічам, прэтэндуе на тое, каб цалкам абвергнуць такі сюжэт.

Два дні таму міліцыянты зь Першамайскага райаддзелу Менску затрымалі рэжысэра паводле заявы кіраўніцтва кінастудыі "Беларусьфільм". Тыя скардзіліся, што з кінастудыі зьніклі восем частак зьнятага Зголічам, але яшчэ не змантажаванага мастацкага фільма "Госьці".

Чыноўнікі падазравалі, што гэта Зголіч зьнёс стужку, бо не хацеў падпарадкавацца загаду перадаць фільм для мантажу іншаму рэжысэру. Акрамя падазрэньняў, у сьледчых нічога не было, але яны затрымалі рэжысэра, а ў ягоным доме правялі ператрус. У выніку знайшлі стужку на адну з васьмі частак фільма, на што рэжысэр заявіў, што карыстаўся ёю з мэтай зрабіць рэкламны ролік.

Руслан Зголіч і ягоная адвакатка Вера Страмкоўская спадзяваліся, што сёньня пракуратура падпіша дакумэнты пра вызваленьне з-пад варты, але замест гэтага рэжысэру было прад'яўленае абвінавачаньне ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйных памерах. Гэта пагражае яму турмой да 15 гадоў. Да таго ж у міліцыі ён быў жорстка зьбіты.

Распавядае адвакатка Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) "Зголіч зьбіты, у яго ўся галава зьбітая. Ён кажа, што яго зьбівалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, калі ён прасіў паперу, каб напісаць скаргу, калі прасіў адваката, нават калі прасіў адвесьці яго ў прыбіральню. Зьбівалі міліцыянты, нават білі галавой аб сьцяну.

Мы потым выклікалі хуткую дапамогу, і дактары засьведчылі траўму галавы, яны сказалі, што Зголіча трэба пакласьці ў шпіталь, але яго не выпускаюць.У РАУС Першамайскага раёну зь ім працягваюць сьледчыя дзеяньні, тут падрыхтаванае абвінавачаньне паводле часткі 4 артыкулу 205, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы за крадзеж у асабліва буйных памерах.

Але Зголіч сябе вінаватым не прызнае, і дзе астатнія 7 зьніклых частак фільма, ён, паводле ягоных словаў, ня ведае. Ён мяркуе, што прычыну канфлікту варта шукаць у падзеях, якія адбываюцца на кінастудыі".

Паводле зьвестак зь "Беларусьфільму", здымкі фільма "Госьці" былі прафінансаваныя зь бюджэту і каштавалі 200 тысяч даляраў. У свой час ішла напружаная барацьба за тое, хто будзе здымаць фільм ва ўмовах хранічнай нястачы грошай. Нагадаю, падчас леташняга наведваньня "Беларусьфільму" Аляксандар Лукашэнка пагражаў, што спытае за кожны рубель, выдаткаваны "Беларусьфільму".

Нягледзячы на прэтэнзіі вядомых майстроў, здымаць "Гасьцей" усё ж даручылі маладому рэжысэру Зголічу, і, паводле звестак, мастацкая рада "Беларусьфільму" была збольшага задаволеная працай дэбютанта, але потым ў дачыненьнях Зголіча з кіраўніцтвам кінастудыі нешта сапсавалася. Што дакладна адбылося, высьветліць пакуль не ўдаецца. Намесьнік дырэктара кінастудыі Ўладзімер Шышкін, прыкладам, адмовіўся камэнтаваць сытуацыю вакол фільма "Госьці".

Між тым, падобна, што сьледзтва дзейнічае захадамі, якія ў беларускіх фільмах пра міліцыю звычайна замоўчваюць. Пытаньне толькі ў тым, як адрэагуе пракуратура на такое абыходжаньне з чалавекам, хай сабе і абвінавачаным у злачынстве. Вера Страмкоўская заяўляе, што ўжо падала скаргу на дзеяньні сьледчых.
XS
SM
MD
LG