Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ГЕЛЬСЫНСКІ КАМІТЭТ ПРАВОДЗІЦЬ КАНФЭРЭНЦЫЮ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА


Любоў Лунёва, Менск

Старшыня БГК Тацяна Процька галоўнай мэтай канфэрэнцыі назвала аналіз сытуацыі ў галіне правоў чалавека — каб высьветліць, ці адбыліся нейкія зьмены цягам году і наколькі сытуацыя ў Беларусі адпавядае міжнародным стандартам. У канфэрэнцыі бралі ўдзел праваабаронцы з Галяндыі, Даніі і Расеі. Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) "Мы хацелі, абапіраючыся на словы прэзыдэнта і вышэйшай улады, скараціць, зьменшыць тую прорву, якая атрымалася пасьля выбараў паміж уладай і грамадзкай супольнасьцю. Мы хацелі дыялёгу, абмеркаваньняў тых пытаньняў, якія вызначыліся і падчас выбараў, і якія абвастрыліся пасьля выбараў.

Мы так разьмеркавалі склад удзельнікаў: 80 чалавек — 60 зь іх дзяржслужачыя, якія зацікаўленыя ў вырашэньні тых праблемаў, якія існуюць. Даслалі ім запрашэньні. Меркавалі так: наш даклад, іх даклад і нэўтральнае меркаваньне, як гэта ў сьвеце адбываецца. Вось тры такіх пазыцыі. А потым распрацаваць рэкамэндацыі для ўраду".

Тацяна Процька паведаміла Радыё Свабода, што чыноўнікі з адміністрацыі Лукашэнкі гатовыя былі ўдзельнічаць у канфэрэнцыі, але начальства ім гэта забараніла.

Гаворыць удзельнік канфэрэнцыі Ўладзімер Вайсман зь Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі, з Даніі:

(Вайсман: ) "Нельга казаць, што ўсё кепска і не заўважаць, што нешта й паляпшаецца. Церпіць тут і сам рэжым. Мы шмат абмяркоўваем пытаньняў, зьвязаных з выбарамі ў Беларусі. Тут, безумоўна, няма ніякага паляпшэньня, але паляпшэньне ёсьць у ня вельмі гучных сфэрах. Напрыклад, у сыстэме адукацыі й аховы здароўя. Ёсьць людзі, якія прафэсійна працуюць у гэтых сфэрах. Канечне, гэтага нельга казаць пра сытуацыю ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў. Самая небясьпечная праблема — гэта грубая цэнтралізацыя ўлады. Ня можа быць дэмакратыі без дэцэнтралізацыі ўлады".

Прадстаўнік Расеі Сяргей Шымавалос (каардынатар кааліцыйных праграм Гельсынскай групы, дырэктар Камітэту супраць катаваньняў) паведаміў:

(Шымавалос: ) "У мяне такое ўражаньне, што сытуацыя ў Расеі і Беларусі амаль аднолькавая. Няма ніякай абароны пацярпелых ад катаваньняў. Тут і ўмовы ўтрыманьня, і перавышэньне ўлады пры затрыманьнях, і практыка выбіцьця паказаньняў, калі чалавек агаворвае сам сябе. Мне крыўдна, што ў Беларусі няма людзей, якія б прафэсійна займаліся гэтай праблемай. Мы гатовыя да супрацоўніцтва і шукаем людзей, якія б займаліся гэтай тэмай".

Ана Стунава, прадстаўніца галяндзкага Гельсынскага камітэту дадала:

(Стунава: ) "Усе ведаюць, якая сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Нічога новага я не скажу. Я бачу пэрспэктыву выхаду з крызысу ў дыялёгу няўрадавых арганізацыяў і нейкіх дзяржаўных структур. Я лічу, што ізаляваць Беларусь ад міжнароднай супольнасьці было б нямэтазгодна".
XS
SM
MD
LG