Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ МОЖА АТРЫМАЦЬ 250 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ ПАЗЫКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Візыт Люка Барбонэ і экспэртаў у абласны цэнтар, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, бізнэсоўцамі, грамадзкімі арганізацыямі, навукоўцамі Інстытуту радыялёгіі праходзіў у рамках выпрацоўкі стратэгіі супрацоўніцтва Ўсясьветнага банку зь Беларусьсю. Гэта датычыць найперш аховы здароўя, экалёгіі і сацыяльнага сэктару. Вось што распавёў вашаму карэспандэнту Люка Барбонэ:

(Барбонэ: ) "Праект, які мы намерваемся распачаць у сакавіку, будзе непасрэдна зьвязаны з барацьбой з тубэркулёзам і СНІДам. Увесь пакет праектаў, якія мы наважаныя ажыцьцявіць у наступныя 3 гады, ацэньваецца ў 140 мільёнаў даляраў.

Мы таксама гаварылі ўраду, што гатовы павялічыць гэтыя асыгнаваньні да 250 мільёнаў даляраў, калі будуць значна палепшаны эканамічныя ўмовы. У наступным годзе мы будзем сачыць за тым, як выконваюцца абяцаньні ўраду зрабіць прыватны бізнэс больш рэнтабэльным і аблегчыць умовы ягонага існаваньня".

Старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон хацеў бы бачыць удзел уплывовай фінансавай структуры ў ажыцьцяўленьні праектаў рэканструкцыі асьвятленьня ў школах, разьвіцьця вытворчасьці ў чарнобыльскіх раёнах і нават у справе падтрымкі аграпрапрамысловага комплексу.

Гамельчукам было нечакана чуць ад высокага госьця і ягоных экспэртаў, што акурат на паляпшэньне ўмоваў у 600 беларускіх школах яшчэ летам Усясьветны банк адпусьціў 20 мільёнаў даляраў. Аднак з-за бюракратычных затрымак сродкі й зараз знаходзяцца ў Менску.

Што да падтрымкі аграпрамкомплексу, то, як выказаўся госьць, ён з экспэртамі ня ўбачыў інавацыйнага мысьлення ў гэтай галіне. У суседняй Украіне яно ёсьць, і там паўднёвы аграпрамкомплекс атрымаў паўмільярда даляраў інвэстыцыяў.

Асабліва важныя для рэгіёну чарнобыльскія праблемы Ўсясьветны банк мае на ўвазе і зьбіраецца падтрымліваць.

(Барбонэ: ) "Чарнобыльскі праект — гэта другі праект у рамках цяперашняй стратэгіі, і ён, пэўна, пачне ажыцьцяўляцца з канца 2002 году", — паведаміў Люка Барбонэ.

Паводле ягоных слоў, у сакавіку экспэрты, якія працавалі ў рэгіёне, зробяць высновы. Гаворка ідзе пра ахову здароўя, маніторынг, лепшае разьмеркаваньне рэсурсаў, пра тэхнічную дапамогу на мэты эканамічнага разьвіцьця пацярпелых раёнаў, малога і сярэдняга бізнэсу. Бізнэсу асабліва, бо за апошнія 5 гадоў Беларусь згубіла магчымасьці эканамічнага разьвіцьця за кошт прадпрымальніцтва.

(Барбонэ: ) "Я думаю, што Беларусь даб'ецца вялікага прагрэсу, калі аслабне бюракратычнае мысьленьне", — лічыць дырэктар аддзелу Ўсясьветнага банку спадар Барбонэ.
XS
SM
MD
LG