Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ ДАПАМАГАЮЦЬ ВАЛАНЦЁРАМ ПАРАДКАВАЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Мінулай ноччу ў курапацкім лягеры валанцёраў былі 9 актывістаў Партыі Свабоды, "Зубра" й Маладога Фронту. Ноч прайшла даволі спакойна. Праўда, ўчора ўвечары ў лягер валанцёраў прыйшлі тры п'яныя будаўнікі зь Віцебску, якія нядаўны прыехалі працаваць на кальцавую дарогу. Спачатку яны спрабавалі паводзіць сябе агрэсіўна. Аднак пасьля тлумачальнай гутаркі перапрасілі за свой стан і паводзіны й пакінулі лягер.

Зь іншымі ж рабочымі ў валанцёраў склаліся вельмі прыязныя адносіны, і яны нават дапамагаюць абаронцам Курапатаў добраўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча. Гаворыць валанцёр Аляксей:

(Аляксей: ) "Я ўчора займаўся. Дапамагалі будаўнікі, прывезьлі пясок, каб зрабіць пляцоўку пад капліцу. Але пакуль там будзе стаяць намёт, каб людзі не стаялі на голым сьнезе й няроўнай зямлі. Трэба трохі добраўпарадкаваць гэтае месца. Пазьней, перад абедам вызваліцца бульдозэр, вазьму бульдозэр, усё тут выраўняем і сплянуем. Ну а пасьля, як абяцалі, свае хлапцы ўкатаюць грунт — каб не хадзіць па гэтым пяску, як па пуху, а каб цьвёрда было нагам стаяць. Таксама будзем сёньня рабіць новыя крыжы, каб у суботу ўсталяваць іх на месцы, дзе будзе праходзіць служба".

Сёньня будаўнікі ўкатвалі дарожны грунт для пракладкі асфальту, і ніякіх парушэньняў зь іхнага боку назіральнікі не заўважылі.

А ўчора ўвечары курапацкі лягер наведалі два журналісты зь Вялікабрытаніі, якія доўга распытвалі валанцёраў пра іхнае жыцьцё й абарону мэмарыялу.

Большасьць курапацкіх валанцёраў удзень выяжджае ў Менск, дзе яны наведваюць розныя арганізацыі і ўстановы ў пошуках сродкаў для існаваньня лягеру. Паводле актывістаў-валанцёраў, ранейшае фінансаваньне з боку грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" цяпер спыненае, і яны самі шукаюць грошай на харчаваньне жыхароў лягеру.

Тым ня менш, сыходзіць з Курапатаў валанцёры не зьбіраюцца. На іхную думку, толькі дзякуючы прысутнасьці ва ўрочышчы моладзі будаўнічыя працы вядуцца ахайна і з захаваньнем дамоўленасьцяў паміж уладамі й грамадзкасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG