Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКАЛАЙ ПІНІГІН: "САСТАРЭЛЫЯ ДЭКАРАЦЫІ Ў "ТУТЭЙШЫХ" — ГЭТА ХЛУСЬНЯ"


Міхась Скобла, Менск

Два тыдні таму на галоўнай тэатральнай сцэне краіны — у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы — адбылося беспрэцэдэнтнае здарэньне. За некалькі гадзінаў да пачатку славутых "Тутэйшых", пастаўленых па аднайменнай купалаўскай п'есе, спэктакль адмянілі.

Ніхто ня быў папярэджаны загадзя — ні акторы, занятыя ў "Тутэйшых", ні гледачы, якія набылі квіткі менавіта на купалаўскую п'есу. Ім увогуле замест клясыка свайго, беларускага, прапанавалі расейскага — Астроўскага, зь яго вядомым творам "Свае людзі — паладзім".

Купалаўскіх "Тутэйшых" забаранілі ўжо як мінімум пяты раз. У 1927 годзе, неўзабаве пасьля выхаду ў сьвет, быў забаронены трэці том першага Збору твораў Купалы, дзе была надрукаваная п'еса.

Годам раней, у 1926-м, Галоўліт забараніў "Тутэйшых" на сцэне 1-га Беларускага дзяржаўнага тэатру (сёньняшняга Купалаўскага) у пастаноўцы рэжысэра Мікалая Папова.

Напачатку 1980-х у выдавецтве "Мастацкая літаратура" быў рассыпаны набор зборніка "Спадчына", дзе пасьля больш як паўвекавога замоўчваньня была спроба надрукаваць "Тутэйшых".

І нарэшце, у 1982 годзе рэжысэру Магілёўскага драмтэатра Валерыю Масьлюку было настойліва рэкамэндавалі пасьля ўсяго толькі двух паказаў, у Магілёве й Менску, зьняць "Тутэйшых" з рэпэртуару. Што й было зроблена.

Калі б існаваў беларускі адпаведнік Кнігі рэкордаў Гінэса, то варта было б занесьці туды й Купалавых "Тутэйшых" — як самы шматпакутны, пяцёрачы (!) забаронены твор у беларускай літаратуры.

Мы спэцыяльна счакалі два тыдні. А мо памылачка выйшла, мо нехта некага ня так зразумеў? А мо вернуцца "Тутэйшыя" на перадкалядную тэатральную афішу? Цішыня. Маўчыць адміністрацыя Купалаўскага тэатра. Маўчаць Саюзы пісьменьнікаў і тэатральных дзеячоў.

Сёньня мы паспрабуем разабрацца, што ж насамрэч адбылося з "Тутэйшымі". У гутарцы бяруць удзел рэжысэр Мікалай Пінігін, які ў 1993 годзе за пастаноўку "Тутэйшых" на Купалаўскай сцэне стаў ляўрэатам Дзяржпрэміі, паэт Леанід Дранько-Майсюк і дасьледчык літаратуры, дацэнт Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Купалы Ігар Жук.

(Міхась Скобла: ) "Першае маё пытаньне да рэжысэра Мікалая Пінігіна. Ці была для вас нечаканасьцю раптоўная адмена спэктакля 14 лістапада?"

(Мікалай Пінігін: ) "Не, не была. Я ня так часта бываю цяпер у Менску, але падчас кожнага прыезду я пытаўся ў актораў, што занятыя ў "Тутэйшых": чаму не ідзе спэктакль? І мне адказвалі: ідуць выбары — у мясцовыя органы ўлады, прэзыдэнцкія ці нейкія іншыя. Ва ўсялякім разе, падчас нейкіх палітычных кампаній спэктакль, як правіла, не ішоў. Ніхто ніколі гэтага не тлумачыў.

Пасьля верасьнёўскай палітычнай кампаніі "Тутэйшыя" павінны былі зноў зьявіцца на сцэне, але не зьявіліся. Таму, паўтаруся, для мяне не было гэта нечаканасьцю".

(Скобла: ) "Я так зразумеў, што вам як рэжысэру нават нічога не паведамілі?"

(Пінігін: ) "Не. А хто я такі?.."

(Скобла: ) "Скажыце, ці магчыма нешта падобнае ў санкт-пецярбурскім Вялікім акадэмічным драмтэатры імя Таўстаногава, дзе вы цяпер працуеце?"

(Пінігін: ) "Там гэта немагчыма, таму што сёньня ніякай палітычнай цэнзуры для тэатраў у Расеі не існуе. Больш за тое, калі я нядаўна ехаў у піцерскім мэтро, пабачыў на вагонным акне вялікі рэклямны плякат Радыё Свабода".

(Скобла: ) "Днямі ў Купалаўскім тэатры прайшоў бэнэфіс народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, якая, нагадаю, выканала ў спэктаклі "Тутэйшыя" ролю Ганулі Зношчыхі. Такім чынам, жыцьцё тэатра працягваецца.

А як аднесьліся да нечаканай адмены "Тутэйшых" у калятэатральным, творчым асяродку? Пытаньне Леаніду Дранько-Майсюку, які жыве ў сотні-другой мэтраў ад тэатра і, напэўна, ведае ўсю інфармацыю".

(Дранько-Майсюк: ) "Ад майго дома да Купалаўскага тэатра 752 крокі. Гэта ня жарт. Я гэтую адлегласьць перамераў вельмі дакладна ў той час, калі зьявіліся на сцэне "Тутэйшыя", на якія я хадзіў разоў пятнаццаць. Я сёньня прыгадваю тыя дні, калі мы з табой, Мікалай, стваралі, ляпілі, прыдумвалі вершы-зонгі да твайго спэктакля "Дракон" паводле вядомай п'есы Я.Шварца. І вось ты тады спытаўся: "А які сэнс закладзены Купалам у "Тутэйшыя"? І я зразумеў, што калі ты паставіш гэты твор, то яны будуць мець незвычайны, фэнамэнальны, фэерычны посьпех! Што неўзабаве й сталася.

"Тутэйшыя" — гэта ня проста спэктакль. Гэта цэлая эпоха, прычым ня толькі ў нашым тэатральным існаваньні, але — у беларускім культурным жыцьці".

(Скобла: ) "Наступнае сваё пытаньне я адрасую ў Горадню, дзе з намі на тэлефоннай сувязі Ігар Жук. Скажыце, Ігар, за што забаранялі "Тутэйшых" у 1920-я гады?"

(Ігар Жук: ) "Кантэкст тагачаснай забароны змыкаецца з днём сёньняшнім. У 1922 годзе Галаўліт, які падпарадкоўваўся палітычнаму аддзелу ЦК КПБ, дазволіў надрукаваньне п'есы "Тутэйшыя" ў часопісе "Полымя".

А калі расейскі рэжысэр Мікалай Папоў паспрабаваў паставіць яе на сцэне, то ўлада забараніла гэтую пастаноўку. П'еса была адпраўленая на дапрацоўку аўтару, Купала нібыта павінен быў яе паправіць. Хоць Купала, мы пра гэта ведаем дакладна, лічыў п'есу ня выдумкай, а цалкам узятай з тагачаснага беларускага жыцьця.

За тагачаснай забаронай "Тутэйшых" мы можам бачыць забарону існаваньня беларускай нацыі — акурат у момант чарговага штуршка да Адраджэньня. Тады гэтая справа выглядала як цалкам палітычная, як, зрэшты, і сёньня".

(Скобла: ) "Нагадаю, што гады два таму новапрызначаны дырэктар Купалаўскага тэатра Генадзь Давыдзька публічна заявіў, што "спэктакль трэба прычасаць". Тады ж нібыта сапсаваўся мэханізм, які падымаў дзіцячую калыску, да якой у фінале п'есы прымацоўвалася бела-чырвона-белае палотнішча. Але мэханізм тады наладзілі.

Сёньня афіцыйная прычына адмены спэктакля — зношанасьць дэкарацый. Пытаньне Мікалаю Пінігіну: колькі часу можа спатрэбіцца на тое, каб змазаць колы ў выязной батлейцы, надраіць да бляску пажарную каску Мікіты Зноска ды пашыць новы партфэль прафэсару Сьпічыні?"

(Пінігін: ) "Я адпрацаваў 12 гадоў у Купалаўскім тэатры, гэта мой родны тэатар. І я ня маю ні на кога крыўды. Спэктакль, як за савецкім часам, не рэкамэндавана ставіць.

І мы, я лічу, ніколі не даведаемся, хто канкрэтна "не рэкамэндаваў". Можа, гэта зрабіў нейкі дробны чыноўнік Міністэрства культуры, можа, нехта перастрахаваўся, а можа, забарона ідзе з самага верху.

А тое, што дэкарацыі састарэлі й іх трэба мяняць — гэта хлусьня. Таму што ў панядзелак, 12 сьнежня, як мне расказвалі акторы, адбылася рэпэтыцыя, і ўсё там рухалася ды працавала. І раптам у сераду — за адзін дзень — дэкарацыі маральна й фізычна састарэлі... Гэта хлусьня!"

(Скобла: ) "Пасьля прамінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі загаварылі пра лібэралізацыю. Вось вам лібэралізацыя — толькі за лістапад закрылі незалежную гарадзенскую газэту "Пагоня", даруйнавалі Курапаты й забаранілі да паказу твор нацыянальнага генія Янкі Купалы.

Пытаньне Леаніду Дранько-Майсюку — ці можна лічыць выпадак з "Тутэйшымі" першым падрыхтовачным мерапрыемствам у зацьверджаным дзяржаўным пляне па сьвяткаваньні 120-х угодкаў Янкі Купалы, да якіх засталося ўсяго нейкіх паўгоду?"

(Дранько-Майсюк: ) "Я думаю, што адбылося супадзеньне. Ніхто тут нічога спэцыяльна не плянаваў. І калі ў нечыю "сьветлую" галаву прыходзіла думка зьняць "Тутэйшыя", то яна прыходзіла і год, і два таму. Што тут можна сказаць? Гэтыя людзі вяртаюцца й спрабуюць вярнуць краіну ў савецкі час. Мы памятаем, як яшчэ зусім нядаўна ўсе выдатныя мастацкія творы былі "ідэалягічна заганныя".

Я прамовіў гэтае словазлучэньне і ўнутрана здрыгануўся. Час памяняўся — і такога ў Расеі, Эстоніі, Польшчы няможна ўявіць. А ў нас... Гэта проста нейкае дзікунства!

Ну, мы — такое поле, да нас усё горшае савецкае хутка вяртаецца. Але, хутка вярнуўшыся, яно хутка й зьнікне. Я ўпэўнены, што пройдзе пэўны час, і мы пойдзем купляць квіткі на "Тутэйшыя". Менавіта — купляць квіткі, а не па запрашальніках, бо за цудоўнае беларускае мастацтва трэба плаціць грошы".

(Скобла: ) "Ізноў я зьвяртаюся ў Горадню, адкуль да нас па тэлефоне прамаўляе Ігар Жук. Я ведаю, што Гарадзенскі тэатар лялек у свой час таксама ставіў "Тутэйшых". Ці доўга спэктакль там пратрымаўся ў рэпэртуары?"

(Жук: ) "Гады два, калі не памыляюся. П'еса дазваляла пастаноўку на лялечнай сцэне. Рэжысэр Мікалай Андрэеў вельмі творча падышоў да п'есы. Фігуры Ўсходняга й Заходняга вучоных паўсталі ну проста незвычайна! Рэжысэр паклаў на сцэну вялікую карту Беларусі. І вучоныя замест таго, каб яе вывучаць (да чаго абавязвае статус вучонага), пачалі яе разьдзіраць.

Сцэна, акторы й гледачы ў залі замкнуліся агульнай нерухомай прасторай. Ніводнага руху — апрача бойкі дзьвюх недарэчных фігураў у акадэмічных мантыях. Атрымалася, што й гледачы, і лялькі сталі пасыўнымі сузіральнікамі нашага нацыянальнага сіроцтва. Выдатнае было рэжысэрскае рашэньне!

Натуральна, я далучаюся да высокіх ацэнак спэктаклю, створанага Мікалаем Пінігіным. У нас ня кожнае стагодзьдзе нараджаецца Янка Купала й ня кожнае стагодзьдзе прыходзіць на беларускую сцэну Мікалай Пінігін! Тут толькі шкадаваць даводзіцца.

Я ахвотна веру ў тыя 752 крокі, якія самотна робіць Дранько-Майсюк, ідучы да Купалаўскага тэатра, але я ня веру, што 752-ма крокамі завершыцца трагічны лёс "Тутэйшых" — ужо ў наш час".

(Скобла: ) "Ігар, відавочна, што "Тутэйшыя" ў любым варыянце, нават у лялечным — вострапалітычны твор. Пасьля таго, як улады практычна разагналі тэатар "Вольная сцэна", гаварылася пра тое, што прынц Мамабук — старшыня Бусяросі й герой адной з пастановак Валерыя Мазынскага — надта ўжо нагадваў аднаго беларускага палітыка. А ў чым сёньня актуальнасьць "Тутэйшых"? Каго нагадваюць героі гэтай п'есы?"

(Жук: ) "Давайце паставім пытаньне трошкі па-другому. Чаму героі "Тутэйшых" вечна актуальныя? Таму, што рэчаіснасьць няўмольна піша для Беларусі адзін і той жа тэкст. І пакуль гэты тэкст ня будзе напісаны нашай уласнаю рукою, з нашай прапісной літары, "Тутэйшыя" будуць заставацца поўным тэкстуальным заменьнікам рэчаіснасьці.

А каго нагадваюць героі... Напомню некалькі цытатаў з п'есы: "Эх каб я быў, между протчым, царом, завёў бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі, ад Смаленска да Бэрліна адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе прыпяваючы". Гістарычныя алюзіі, мяркую, даволі празрыстыя.

Альбо — "Сюда градзёт большэвік". Ну, багі мае! Сёньняшні дзень, лічы. Ды і сама ідэя бязбацькавіча, якая знайшла яскравае ўвасабленьне ў Мікіце Зноску... Ён жа маці вучыць гаварыць: "У нос усё больш, мамаша!" і г.д. Вось гэтыя кантэкстуальныя супадзеньні будуць зьяўляцца пэрманэнтным характарыстычным знакам нашага жыцьця, пакуль, паўтаруся, ня будуць намі самімі перапісаныя тэксты беларускай рэчаіснасьці.

Янка Купала, наперакор усёй тагачаснай літаратурнай традыцыі, замахнуўся на нешта нябачанае, што ў беларускай літаратуры было яшчэ нулявым цыклем. Купала стварыў грандыёзны, усеабдымны, з разьлікам на гістарычную мінуўшчыну й пэрспэктыву, вобраз БЕЗНАЦЫЯНАЛА. Вось у гэтым найбольшая прысутнасьць "Тутэйшых" у нашым часе".

(Скобла: ) "Многія творы Купалы былі непажаданыя за савецкім часам. Некаторыя зь іх нават ня згадваліся ў энцыкляпэдычным даведніку "Янка Купала", што выйшла ў сьвет у 1986 годзе. Напрыклад, верш "Акоў паломаных жандар — сядзіць расейскі чынадрал..."

Цікавая гістарычная даведка: аказваецца, у 1942 годзе ў акупаваным Менску немцы забаранялі пастаноўку купалаўскай "Паўлінкі". З такой матывацыяй — у п'есе прыгадваецца імя Максіма Горкага, альбо — "сам автор Я.Купала как будто находится в Москве", альбо — "если он даже является величайшим белорусским писателем, есть мнение его произведения пока что не ставить".

Асабліва цікавае тут гэтае "как будто в Москве" і "если он величайший писатель"... Пра Маскву дачынна Купалы нам дакладна вядома адно — ён там загінуў.

І апошняе пытаньне адносна другога дапушчэньня, пытаньне ўсім тром удзельнікам гутаркі. У чым вялікасьць Янкі Купалы асабіста для вас?"

(Дранько-Майсюк: ) "Творы Янкі Купалы былі ў розны час непажаданыя, таму што яны нам самім, беларусам, не заўсёды псыхалягічна камфортныя. У гэтых творах, у тым ліку ў "Тутэйшых", утрымліваецца тая вялікая праўда пра нас, якую нам не заўсёды хочацца ведаць.

У Зноску мы пазнаем сябе, пазнаем сваю недалужнасьць, зь якой мы павінны вылузвацца, луску гэтую, што ўрасла ў нашую скуру, мы павінны зь сябе зьдзіраць! Я не памятаю, у якім творы, але Купала сказаў, што "памяркоўнасьць — гэта наш адвечны ратунак, але адначасова гэта й наша пагібель".

(Жук: ) "Самае дарагое ў Купалы для мяне — гэта невынішчальная самакрытычнасьць. Уся творчасьць Купалы дапамагае нам адшукаць тую запаветную дарогу, па якой мы павінны далёка зьнесьці сваё нацыянальнае гора, зьнесьці Мікіту Зноска. Купала — самы яскравы выразьнік беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці".

(Пінігін: ) "Гэта сьведчыць пра геніяльнасьць Купалы, калі ён не пасаромеўся высьцебаць нацыю — у асобе Мікіты Зноска. Купала стварыў геніяльны псыхалягічны тып беларуса. Канфармізм — вельмі тыповая рыса беларуса — прыстасавацца, каб выжыць. Гэта вынік жыцьця "на скрыжаваньні".

Купала не абвінавачвае, ён шкадуе чалавека. Гэта самае галоўнае, што ёсьць у п'есе. І потым — там адлюстраваная ўся беларуская гісторыя, усе рысы беларускай мэнтальнасьці. "Тутэйшыя" — вельмі жорсткі й праўдзівы погляд аўтара на беларускую мінуўшчыну, на беларускую сучаснасьць, і, на жаль, на беларускую будучыню".
XS
SM
MD
LG