Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БАЧУ ВЫЙСЬЦЕ ТОЛЬКІ Ў ЭМІГРАЦЫІ…"


Валянцін Жданко, Менск

Побыт, настрой, паўсядзённыя клопаты звычайнага беларуса, якому перад выбарамі абяцалі 100 даляраў зарплаты і ён усё яшчэ чакае абяцанага; які ціха зайздросьціць жыцьцю заходніх суседзяў, але верыць, што без калгасаў не пражыве; для якога сталі недаступныя многія тавары і нават харчы, але ён супакойвае сябе тым, што пражыве на бульбе і малацэ.

Пачну зь ліста, у якім ягоная аўтарка (выглядае, што яна вясковая настаўніца) выказвае сваё стаўленьне да гэтых звычайных беларусаў, сярод якіх жыве і зь якімі штодня кантактуе. Вольга Сушчэня са Жлобінскага раёну піша:

"Мне шкада толькі беларускіх дзяцей — яны ні ў чым не вінаватыя. Ня іхная віна, што ня могуць паесьці ўдосталь, што апранутыя абы-як, што ў школе мерзнуць, што настаўнікаў няма… А бацькоў іхных не шкада. Яны самі абралі сабе такое жыцьцё. Гарбацяцца ў разваленым калгасе за капейкі, радуюцца, калі нешта ўкрадуць і на ўкрадзенае нап'юцца, ходзяць у брудным нямытым рызьзі, харчуюцца адной бульбай…

Штодня назіраючы такое жыцьцё, цяжка быць аптымісткай. І я асабліва ні на што не спадзяюся. Раблю тое, што магу — вучу дзяцей. Можа, хоць наступнае пакаленьне вылезе з гэтай багны і ўбачыць іншае жыцьцё — жыцьцё вольных, працавітых і гордых людзей, якія ведаюць цану сабе і сваёй свабодзе", — напісала Вольга Сушчэня са Жлобінскага раёну.

Падобных лістоў, аўтары якіх апанаваныя такімі ж настроямі, пасьля выбараў стала заўважна больш. Вытокі гэтай расчараванасьці й нявер'я відавочныя. Надзеі на зьмены ня спраўдзіліся, і гэты цяжар падманутых спадзяваньняў многія перажываюць вельмі хваравіта. Вось што напісаў Раман Сіневіч з Горадні, згадваючы мінулую выбарчую кампанію, у якой ён удзельнічаў, зьбіраючы подпісы за Зянона Пазьняка. Спадар Сіневіч піша:

"Людзі, што з вамі сталася? Ці ж можна заставацца рахманым быдлам, якое пастух гоніць у якім заўгодна накірунку? Няўжо вас задавальняюць вечныя гумавікі, фуфайкі ды штодзённая чарка гарэлкі? Як можна прадаваць уласны гонар за мізэрную пэнсію?
Пішу гэтак, згадваючы некалькі эпізодаў мінулай выбарчай кампаніі, калі я са сваімі аднадумцамі на вуліцах Горадні зьбіралі подпісы за Зянона Пазьняка.

Праходзілі паўз нас старыя мужчыны і жанчыны, многія — нецьвярозыя, некаторыя з лаянкай пыталіся, колькі нам заплацілі за нашу працу, сыпалі праклёны. Побач з намі былі дзеці — гандлявалі рознай драбязой, і адна 10-гадовая дзяўчынка, Каця, нам дапамагла: патрымала нашыя паперы. І што тут сталася, якую дзікую сцэну давялося назіраць. Міма йшла нейкая сталая жанчына — гадоў 60–65, і пачала праклінаць гэтую прыгожую і ветлівую дзяўчынку за тое, што яна нам дапамагла. І гэта зрабіла жанчына, якая, напэўна, таксама чыясьці маці, сястра, а калісьці была чыёйсьці дачкой. Мабыць, і ў Бога яна верыць.

Людзі, што з вамі? Калі вам не падабаецца Зянон Пазьняк, дык спакойна ідзеце міма, сваёй дарогай, вас ніхто не прымушае падпісвацца.

Патрыёты Беларусі не баяцца праклёнаў, але бывае так, што воляй Бога праклёны падаюць на тых, хто іх раздае, асабліва калі клянуць бязьвінных дзяцей", — напісаў Раман Сіневіч з Горадні.

З падобнымі праявамі нецярпімасьці да чужых перакананьняў давялося сутыкацца фактычна ўсім актывістам выбарчай кампаніі, спадар Сіневіч. Магчыма, зьбіральнікі подпісаў за Зянона Пазьняка гэта адчулі асабліва востра. Зразумела, што гэта ёсьць сьведчаньнем ня толькі стаўленьня многіх людзей да асобы Пазьняка, колькі сьведчаньнем таго, як далёка яшчэ беларускаму грамадзтву да ўсьведамленьня дэмакратычных каштоўнасьцяў, да пераўтварэньня натоўпу ў грамадзянскую супольнасьць.

Піша Валеры Грыцук зь Менску. Некалькі тыдняў таму я ўжо цытаваў адзін ягоны ліст. Спадар Грыцук паспрабаваў пасьлядоўна, праз суды ўсіх інстанцыяў абараняць свае інтарэсы, якія ён лічыць несправядліва парушанымі. Дзеля гэтага ён падаў ажно 14 пазоваў — адну справу супраць міліцыі часткова выйграў. Як ён мяркуе, помстай за гэта стала крымінальная справа, ужо супраць яго, — за тое, што ён нібыта скраў з суду афіцыйныя дакумэнты.
Спадар Грыцук піша:

"Даўней дактары выпрабоўвалі хваробы на сабе, каб знайсьці спосаб лекаваньня. Я вырашыў выпрабаваць на сабе сацыяльную хваробу — неабароненасьць грамадзянаў перад дзяржавай, карупцыю дзяржаўных органаў, ператварэньне іх у карную сыстэму. Усё гэта я даказаў дакумэнтальна, калі прайшоў усе калідоры — таму і 14 справаў.

Спосаб лекаваньня хваробы — выхаваньне ў людзей нацыянальнай самасьвядомасьці, усьведамленьне таго, што неразумны эгаізм — гэта згуба для ўсіх.

Адносна выбараў і будучыні Беларусі. Выбары сфальшаваныя, але гіпноз улады прынёс ёй патрэбны вынік. Электарат быў задураны прапагандай. Беларусь зноў апынулася ў 1988-м годзе. Трэба пачынаць усё спачатку, з новымі лідэрамі, новымі формамі. Наперадзе доўгі, цяжкі, эвалюцыйны шлях. Культура, адукацыя, нацыянальная сьвядомасьць, фінансы, самакіраваньне, мясцовая ўлада… Але асабіста для сябе я бачу выйсьце толькі ў эміграцыі", — напісаў Валеры Грыцук зь Менску.

Вашыя высновы, спадар Грыцук, выглядаюць вельмі слушнымі — і пра эвалюцыйны шлях, і пра выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, і пра новыя формы дзейнасьці апазыцыі… Але хто, на вашую думку, павінен ажыцьцяўляць усё гэта? Выйсьце, якое вы знайшлі асабіста для сябе, наўрад ці вымагала гэтулькі гадоў змаганьня.

Здабыты вамі досьвед не патрэбны вам у эміграцыі, ён неабходны тут, на Бацькаўшчыне, якую вы ў той самы момант, калі знайшлі рэцэпты лекаваньня, чамусьці вырашылі пакінуць.

Наш даўні слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў разважае ў сваім лісьце пра неабходнасьць зьмены далейшай стратэгіі апазыцыі. Ён піша:

"Беларускія дэмакраты могуць паразумнець да лета 2006-га году, але ці ня лепш паразумнець ужо цяпер, скласьці плян рэальных і магчымых дзеяньняў. Беларусі патрэбная новая дэмакратыя, але дэмакратыя бяз тых людзей, якія да месца і не да месца выступаюць і размаўляюць на беларускай мове. А гэта звычка глыбока ўспрымаецца народам як прыкмета БНФ-аўскай пазьнякоўшчыны.

Патрэбна склікаць кангрэс прагрэсіўна-дэмакратычных сілаў Беларусі, каб выпрацаваць новую стратэгію, новую пляцформу і альгарытм разьвіцьця, новую канцэпцыю…

У Беларусі свой шлях, стыль і звычаі, сваё жыцьцё. Прыклады іншых краін тут не прыжыліся. Калі беларускія прагрэсісты скасуюць з праграмы пытаньні беларусізацыі, антырасейскага, постімпэрскага адраджэньня прыбалтыйска-ўсходнеэўрапейскага кшталту — то на парадак палегчаць шлях да падсьвядомасьці народу.

Ці такая ўжо кепская для Беларусі тая мадэль, што ёсьць, напрыклад, у лужкоўскай Маскве? Ці хоча Расея насамрэч уключыць у свой склад Беларусь? Ці пойдуць на гэта Лукашэнка і народ Беларусі? З другога боку — ці пагодзіцца народ Беларусі на русафобскі этап, які прайшлі краіны Ўсходняй Эўропы ў 1990-я? Усё гэта трэба вынесьці на кангрэс шырокіх дэмакратычных сілаў Беларусі", — лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што моўнае пытаньне ёсьць вызначальным у стратэгіі апазыцыі і што адмовіўшыся ад ідэі нацыянальна-культурнага адраджэньня і ўзяўшы за ўзор, як вы пішаце, узор лужкоўскай Масквы, апазыцыя здолее дамагчыся посьпехаў.

Нагадаю вам, што адзіны кандыдат ад аб'яднанай апазыцыі на мінулых выбарах зусім не рабіў акцэнту на моўным пытаньні, і ўвогуле, часьцей выступаў па-расейску, а не па-беларуску.

А што да нібыта эканамічных посьпехаў Масквы, то, па-мойму, ні для каго ў Расеі не сакрэт, што маскоўскі дабрабыт трымаецца на жабрацкім стане ўсёй астатняй Расеі, на тым, што менавіта празь яе ідуць усе фінансавыя і сыравінныя патокі Расеі. Адпаведныя і адносіны да Масквы ў большасьці астатніх расейцаў.

На заканчэньне — ліст ад Яраслава Маскалевіча зь Вены, з Аўстрыі. Ён адгукнуўся на ліст Аляксандра Іванова зь Менску, які прагучаў у эфіры 2 лістапада. Яраслаў піша:

"Мяне абурылі радкі зь ліста менчука, які напісаў, што, хоць у яго нізкі заробак, але ў лядоўні, маўляў, усё ёсьць. Ну, калі красьці, то й без заробку можна набіць лядоўню. Я прапаную яму зьезьдзіць на вёску недалёка ад Менску — напрыклад, у саўгас "Лукавец", што за 49 кілямэтраў, і паезьдзіць па навакольных вёсках, калі ёсьць машына (бо аўтобусы ўжо ня ходзяць). Няхай бы перш пагаварыў зь людзьмі, а ўжо потым пісаў на Свабоду.

Тры дні таму я размаўляў па тэлефоне з братам, дык ён аж плача: купіў парсючка, а карміць няма чым. Бульба не ўрадзіла, і насеньне няма дзе купіць, ня кажучы ўжо пра ежу. А пэнсія ўсяго 20 даляраў. Вось і паспрабуй пры гэтым "набіць" лядоўню, ды яшчэ і дзецям дапамагчы, якія амаль нічога не зарабляюць у саўгасе.

Калі ж я спытаўся ў брата "Чаму ж вы так галасавалі?", то ён адказаў, што галасавалі за Ганчарыка, але да іх ніхто не прыехаў для назіраньня. Агітацыю таксама ніхто не праводзіў.

Карацей кажучы, пакуль існуюць такія менчукі, Лукашэнка будзе непераможны. Уначы яны будуць вандраваць па вёсках і набіваць свае лядоўні крадзенымі ў сялян парсючкамі, бычкамі ды іншай жывёлай, застаючыся не пакаранымі.

Вось калі ня будзе чаго красьці, тады спадар Лукашэнка сам аддасьць уладу, пасяліўшыся ў саюзнай краіне дзе-небудзь на беразе цёплага мора, і будзе пісаць мэмуары, як ён дурыў беларускі народ", — напісаў Яраслаў Маскалевіч, які жыве ў Вене, у Аўстрыі.

Ня думаю, Яраслаў, што прычына тут у тым, што нехта начамі езьдзіць па вёсках ды рабуе сялянскія хлеўчукі. Вяскоўцаў абіраюць тыя, хто пазбавіў іх права валодаць зямлёй, хто не дапускае іх да ўласнасьці, не дае права распараджацца працай уласных рук. Так што вінаватыя ў жабрацкім стане беларускай вёскі вядомыя. Іншая справа, што самі яны ня хочуць гэтага прызнаваць, хоць прызнаць давядзецца — калгасная сыстэма ў Беларусі развальваецца на вачах.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Сьцяпан Нефідовіч зь Любані, Сяргей Марашук з Кобрыня і Ільля Копыл зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG