Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМЫ НЕЛЕГАЛЬНАЙ МІГРАЦЫІ НА БЕЛАРУСКІМ ПАМЕЖЖЫ


Вадзім Казначэеў, Менск

Паводле словаў генэрала Паўлоўскага, Беларусь цалкам выконвае свае абавязкі ў справе аховы межаў так званай саюзнай дзяржавы.

Вядома, што практычна ўсе нелегальныя мігранты рухаюцца з Усходу на Захад, а не наадварот. Дый наркотыкі пераважна вязуць з Афганістану праз Расею — таксама на той жа Захад. Дык ці ня зьменшылася б гэтая плынь, калі б у Беларусі была не адкрытая, а паўнавартасная мяжа з Расеяй?

З гэткім пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэрта Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэя Фёдарава, які займаецца праблемамі міжнародных адносінаў і нацыянальнай бясьпекі.

(Фёдараў: ) "Што тычыцца наркатрафіку і нелегальнай міграцыі, то няма сумненьня, што калі б у Рэспублікі Беларусь існавала няхай не сапраўдная і не паўнавартасная мяжа з Расеяй, дык гэта быў бы нейкі дадатковы фільтар, які хаця б ня ў поўнай, але ў нейкай ступені затрымліваў рэчы, небясьпечныя для Рэспублікі Беларусь.

Зразумела, што людзі, якія імкнуцца зьбегчы ад галечы, — яны імкнуцца на Захад, а не ў Беларусь, і большасьць зь іх едзе менавіта з Расеі ці праз Расею. З пункту гледжаньня нелегальнай міграцыі і транзыту наркотыкаў мяжа з Расеяй спрасьціла б становішча ў Рэспубліцы Беларусь — гэта несумненна".

А вось меркаваньне экс-міністра абароны Паўла Казлоўскага, падначаленым якога ў свой час быў генэрал Паўлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Мігранты зьбіраюцца ля нашай заходняй мяжы; тут ідзе пошук праваднікоў (і зь беларускага, і з польскага бакоў), якія за грошы аказваюць такія паслугі мігрантам — і калі б была мяжа беларуска-расейская, то выйсьці на мяжу заходнюю было б для іх, канечне, больш складана".

Найбольш парушальнікаў дзяржаўнай мяжы (у абодва бакі) затрымліваюць на мяжы з Украінай — 43% ад агульнай колькасьці. Найбольш істотную частку сярод іх складаюць "бытавыя" парушальнікі. Звычайна гэта жыхары памежных вёсак, якія па завядзёнцы наведваюць суседзяў ды сваякоў, не зважаючы на прапускныя пункты. Ці варта такіх наогул затрымліваць?

(Фёдараў: ) "Наколькі я ведаю, гэтыя парушальнікі ў асноўным з памежных зонаў. Мне здаецца, што найлепш было б зрабіць нейкі спрошчаны варыянт пераходу мяжы для жыхароў памежных зонаў".

А вось што думае на гэты конт Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Навошта чалавеку ісьці ў пункт пропуску, да якога, можа быць, пяцьдзясят кілямэтраў, калі яму трэба прайсьці кілямэтар, і ён будзе ў свайго свата? Гэта дурная палітыка дзяржавы, якая перашкаджае людзям, што жывуць у памежжы. Для іх павінен быць іншы рэжым — гэта безумоўна".
XS
SM
MD
LG