Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Дачка пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра Маргарэт у наступным месяцы выставіць на продаж на аўкцыёне «Садэбіз» больш за 30 лістоў свайго бацькі. 32 лісты Сэлінджэра да дачкі, напісаныя на працягу 35 гадоў — ад 1958-га да 1993-га — рэдкія дакумэнты творчасьці пісьменьніка, які перастаў публікавацца ў 1965 годзе. Некалькі гадоў таму лісты Сэлінджэра прадала на аўкцыёне ягоная каханка. Іх тады купіў прадпрымальнік Пітэр Нортан з мэтай аддаць іх пісьменьніку.

* ЛЁНДАН. У сьпісах кніжнай папулярнасьці Вялікай Брытаніі працягваецца двубой раманаў Джона Толкіна і Джоан Роўлінг. На мінулым тыдні «Братэрства пярсьцёнка» паднялася ў сьпісах з 92-га месца на 14-е і з выхадам на экраны праз тыдзень аднайменнага фільму мае шанцы дагнаць лідэраў — чатыры раманы пра хлопца-чараўніка Гары Потэра. Тымчасам раманы Роўлінг надалей займаюць першыя пазыцыі, і спэцыялісты прадказваюць, што з выхадам новых раманаў сэрыі Джоан Роўлінг можа стацца першай у сьвеце пісьменьніцай-мільярдэрам.

* ЛЁНДАН. «Гары Потэр» будзе перакладзены на лацінскую і старажытнагрэцкую мовы. У інтэрвію газэце Daily Telegraph пісьменьніца і прадстаўнікі ейнага выдавецтва растлумачылі, што такім чынам яны хочуць заахвоціць дзяцей вывучаць клясычныя мовы. «Гарыюс Потэр» у перакладзе аднаго старога ўнівэрсытэцкага прафэсара мае выйсьці ў 2003 годзе. Тымчасам пакуль не вядома, хто возьмецца перакласьці кнігі Джоан Роўлінг на мову Гамэра.

* ПАРЫЖ. Каля 30 пісьменьнікаў-эмігрантаў з усяго сьвету, сярод якіх — чыліец Люіс Сэпульвэда, афганец Спаджмаі Зарыяб, лібанка Года Баракат — зьбяруцца ў сярэдзіне сьнежня ў культурным цэнтры Бабур у Парыжы. Першую міжнародную сустрэчу пісьменьнікаў-эмігрантаў пад назовам «Чарніла і выгнаньне» арганізуе інфармацыйная бібліятэка Цэнтру Жоржа Пампіду супольна зь Міжнародным Пісьменьніцкім Парлямэнтам.

* ПАРЫЖ. Аўтограф рукапісу непублікаванага тэксту Хорхе Люіса Борхеса са шматлікімі праўкамі і дадаткамі быў прададзены ў панядзелак на найбуйнейшым францускім аўкцыёне «Нуво Друо». Рукапіс пад назовам «Бібліятэка Рабінзона» быў ацэнены ў 180 тысячаў франкаў і прададзены за 300 тысячаў (каля 50 тысячаў даляраў). Борхес, які амаль цалкам страціў зрок у 1938 годзе, бальшыню сваіх твораў надыктоўваў сакратарцы, таму тэксты, напісаныя ягоная рукой, надзвычай рэдкія.

* СТАКГОЛЬМ. Сёлетні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 69-гадовы брытанец, народжаны ў Трынідадзе, Відзьядгар Сураджпрасад Найпол прыляцеў у Стакгольм, дзе ў панядзелак ён урачыста атрымае грашовую прэмію памерам 10 мільёнаў швэдзкіх крон (каля мільёну даляраў). У сваім інтэрвію на лётнішчы Арлянда пісьменьнік выказаў сваю адназначную падтрымку амэрыкнскай кампаніі ў Афганістане і адхіліў закіды крытыкаў, нібыта ягоныя творы спараджаюць забабоны супраць Ісьляму.

* ЛЁНДАН. Галоўны брытанскі літаратурны тыднёвік — літаратурны дадатак да гаэзты Times — Times Literary Supplement — у студзені 2002 году будзе сьвяткаваць стагодзьдзе свайго існаваньня.
XS
SM
MD
LG