Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОШУКІ БІН ЛЯДЭНА Ў ЦЯСЬНІНЕ ТОРА БОРА


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

Каля гэтай цясьніны ідуць інтэнсыўныя баі. Сёньня на ўласныя вочы я назіраў як амэрыканцы бамбавалі пазыцыі талібаў і тое, як войскі антыталібскай кааліцыі наносяць свае ўдары.

Амэрыканскія самлёты ляталі вельмі высока, бо паводле пэўных зьвестак талібы маюць на ўзбраеньні ракеты “Стынгер”, якія дазваляюць зьбіваць самалёты і гелікоптары на вялікай вышыні.

На дадзены момант няма пэўнай інфармацыі, колькі талібаў знаходзяцца зараз у Тора Бора. Называюцца розныя лічбы: ад 1000 да 5000 чалавек.

Сёньня ўрадавыя сілы дасягнулі тут першых посьпехаў. Пасьля начных бамбаваньняў з раніцы яны распачалі наступ і захапілі першую лінію абароны талібаў. Пры гэтым было знойдзена 22 забітыя арабы. Хутчэй за ўсё большасьць іх загінула яшчэ падчас бамбаваньняў.

Талібы адступілі на свае іншыя пазыцыі. Ніхто з камандзіраў антыталібскай кааліцыі ня можа сказаць колькі часу трэба, каб канчаткова перамагчы талібаў у гэтым раёне. Як ніхто ня можа пацьвердзіць, што менавіта тут хаваецца Ўсама Бін Лядэн.

Адзінай крыніцай інфармацыі зьяўляюцца мясцовыя жыхары, якія час ад часу пераходзяць лінію фронту і распавядаюць пра тое, што адбываецца ў горных раёнах. Менавіта яны кажуць пра тое, што бачылі там Бін Лядэна.

Камандзіры ўрадавых войскаў вераць ім на слова магчыма таму, што жадаюць стаць менавіта тымі людзьмі, якія захопяць сусьветнага тэрарыста нумар адзін. Хаця ёсьць ужо і першыя скептыкі. Камандуючы войскам гораду Джылялябад каля якога знаходзіцца Тора Бора заявіў, што магчыма Бін Лядэн з гэтай горнай цясьніны ўцёк і цяпер знаходзіцца ў іншай цясьніне каля мяжы з Пакістанам.

Між тым Тора Бора можа стацца апошнім месцам у Афганістане, дзе талібы яшчэ аказваюць супраціў. Некалькі гадзінаў таму зьявілася інфармацыя, быццам бы духоўны лідэр талібаў Мула Амар згадзіўся здаць Кандагар, цяперашнюю сталіцу і апошняе апірышча талібаў.

Інфармацыя яшчэ пакуль не пацьвердзілася, але вядома што яшчэ два дні таму Мула Амар шукаў кантактаў з лідэрамі анты-талібскай кааліцыі і прапаноўваў спыніць супраціў у абмен на ўласную недатыкальнасьць.
XS
SM
MD
LG