Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ ЧАСОПІСЫ ПІШУЦЬ ПРА РАЗВАЛ СССР


Алена Панкратава, Менск

Звышдзяржава была забітая ў лесе сякерамі кіраўнікоў трох савецкіх рэспублік, — піша аўтар Франк Нінхуйзэн. — Гэтых людзей потым назавуць галоўнымі магільшчыкамі Саюзу. Здарылася ўсё 8 сьнежня 1991 году, калі Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч, сустрэўшыся ў Белавескай пушчы, вырашылі "закапаць" СССР.

Як эрзац звышдзяржаве прапанавалі пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Лёс прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова быў вырашаны трыма подпісамі й пячаткай коштам літаральна ў некалькі капеек.

Ельцын знаходзіўся ў такой эўфарыі ад падзеі, што піў безь перапынку ўвесь зваротны шлях да Масквы і не трымаўся на нагах.

Калі ўлічыць, што напярэдадні з СССР выйшлі тры прыбалтыйскія рэспублікі, савецкі пірог раптам быў падзелены на кавалкі, — піша нямецкі аўтар.

Таму, як склаўся далейшы лёс рэспублік-сясьцёр і іхных былых лідэраў прысьвечаны другі матэрыял пад назвай "Незалежная і несувэрэнная". Аўтар артыкула — Томас Урбан. Размова ідзе пра Ўкраіну і Беларусь. Адна з краін здолела захаваць сваю самастойнасьць, другая — гэтае самастойнасьці пазбавіцца.

Нядзіва, што такія словы як "Белавеская пушча" ў абедзьвюх краінах зьяўляюцца абсалютна рознымі знакавымі паняцьцямі. Ва Ўкраіне падзеі 10-гадовай даўніны зьяўляюцца падставай для сьвята: газэты поўныя ўзьнёслых камэнтароў, а Леаніду Краўчуку даюць ордэн.

Адначасова ў суседняй Беларусі былы Краўчуковы калега — прафэсар-фізык Станіслаў Шушкевіч ніяк не шануецца ўладамі. У камэнтарах дзяржаўных СМІ Шушкевіча называюць дзяржаўным здраднікам, а гадавіна развалу СССР ледзь не зьяўляецца падставай для нацыяльнага смутку.

Паводле журналіста Томаса Урбана, дыямэтральна процілеглае стаўленьне да вядомых белавескіх падзеяў ёсьць вынікам адрозных палітычных курсаў. У той час як Аляксандар Лукашэнка актыўна выступае за аб'яднаньне трох славянскіх дзяржаваў, Леанід Кучма ўмацоўвае сувэрэнітэт сваёй дзяржавы.

У Беларусі трывала існуе плянавае вядзеньне гаспадаркі, а краіну ўсё больш ахоплівае эканамічны крызыс, а Ўкраіна, дзякуючы рэформам, перайшла гэты рубікон, і апошнія два гады тут назіраецца рост нацыянальнага сукупнага прадукту.

Як піша аўтар артыкула, тады, дзесяць гадоў таму, абедзьве краіны рабілі абсалютна розныя крокі да сувэрэніту. Прычым менавіта Беларусь на чале з Шушкевічам дэманстравала курс на дэмакратычныя рэформы.

У сваю чаргу Кіеў на чале з былым сакратаром ЦК па ідэалёгіі Краўчуком хоць і дэкляраваў сваю незалежнасьць, аднак пры гэтым ніяк не заяўляў пра сваю зацікаўленасьць у дэмакратызацыі і рынкавай эканоміцы. І толькі пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах былога дырэктара Днепрапятроўскага ваеннага заводу Кучмы, ва ўкраінскай эканоміцы пачаліся пэўныя зрухі.

Адначасова ў Беларусі быў прызначаны свой прэзыдэнт — былы дырэктар калгасу Аляксандар Лукашэнка. Як піша "Sueddeutsche Zeitung", ягоная кампанія хутчэй за ўсё фінансавалася расейскімі спэцслужбамі, але праходзіла пад лёзунгам умацаваньня дзяржаўнай самастойнасьці й дэмакратыі. Прэзыдэнцкае праўленьне прывяло краіну да таго, што ў ёй пачаўся перасьлед любога іншадумства: ад закрыцьця незалежных выданьняў да зьнікненьняў апанэнтаў рэжыму.

Вядома, і ва Ўкраіне не абышлося без буйных палітычных скандалаў. Грамадзкі рэзананс вакол забойства журналіста Георгія Гангадзэ, аўтара крытычных артыкулаў пра ўкраінскага прэзыдэнта, фактычна прывёў Кучму да міжнароднай ізаляцыі.

Усё гэта, паводле замежных спэцслужбаў, зусім невыпадкова прыпала на час падпісаньня Міжнароднага пагадненьня адносна газавага транзыту, якое гарантавала Кіеву мільярды даляраў. Падпісаная на пачатку году дамова паміж Кучмам і Пуціным зрабіла Ўкраіну залежнай ад расейскай сыравіны.

Аднак нават і ў асяродку расейскамоўнага насельніцтва Ўкраіны разумеюць, што незалежнасьць для краіны ўсё ж неабходная. Прычына: Украіна мае больш шанцаў для доўгатэрміновага супрацоўніцтва з Захадам, чым Расея, — піша "Sueddeutsche Zeitung".
XS
SM
MD
LG