Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКУЮ МОВУ БУДУЦЬ АБАРАНЯЦЬ У ЧАСЕ ПРАДСТАЎНІЧАГА МІЖНАРОДНАГА СЫМПОЗЫЮМУ


Ігар Карней, Менск

Цягам апошніх пяці гадоў сытуацыя зь беларускай мовай у краіне не палепшала. Гэта сёньня пацьвердзіў нават афіцыйны прадстаўнік Міністэрства адукацыі. Толькі палова з 4 тысяч школаў зьўляецца беларускімі, а рэальна навучаюцца на роднай мове ня болей за 20% дзяцей. Але нават гэтая сумная статыстыка не адлюстроўвае рэальнага становішча, лічыць пісьменьнік, сустаршыня аргкамітэту маючага адбыцца сымпозыюму Васіль Якавенка.

(Якавенка: ) "Непакоіць мяне найперш тое, што з тых лічбаў, якія тут называліся, большасьць — для паперы. Я пераканаўся, што гэта ў многім фіктыўна, калі пабываў у адной школе ў Калінкавічах — у беларускай школе, дзе ніводнага слова па-беларуску я не пачуў. На паперы яна ўваходзіць у лік беларускіх, а насамрэч яна зусім не беларуская".

Васіль Якавенка, як і шэраг ягоных паплечнікаў, лічыць, што ў эпоху глябалізацыя небясьпека страты асобных моваў узрастае. Вось як пракамэнтаваў гэта Ўладзімер Шчасны, былы амбасадар у Вялікай Брытаніі, старшыня нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЭСКА:

(Шчасны: ) "Глябалізацыя мае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы. Зразумела, што цяпер немагчыма жыць адасоблена. Падчас імклівага разьвіцьця высокіх тэхналёгіяў павінна быць уніфікацыя стандартаў, нормаў. Але разам існуе небясьпека, што пачнецца стандартызацыя і культуры, а зь ёю — і стандартызацыя жыцьця, што вельмі небясьпечна для прагрэсу і для разьвіцьця цывілізацыі.

Праблема вельмі вялікая, і на сур'ёзнасьць сьведчыць, што гэтую канфэрэнцыю адкрые генэральны дырэктар ЮНЭСКА Мацура, які адмыслова наведае нашу краіну ў ліпені наступнага году".

Намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Навум Гальпяровіч таксама ўскладае на сумесную працу ў Менску міжнародных адмыслоўцаў вялікія спадзяваньні.

(Гальпяровіч: ) "Адна з задач навукоўцаў, асьветнікаў, пісьменьнікаў і ўвогуле людзей, якія адказваюць за жыцьцё народаў, за дзейнасьць дзяржаваў — гэта захаваньне этнасаў, захаваньне самабытнасьці кожнай мовы. Бо няма непрыгожых ці небагатых моваў. Кожная зь іх уяўляе вялізную каштоўнасьць. Зьнікненьне любой мовы, нават самага малога народу, — гэта вялікая страта для ўсясьветнай цывілізацыі".

Найбольшы аптымізм наконт будучыні беларускай мовы захаваў старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў. Калі нават улада згадзілася з тым, што краіне патрэбны нацыянальны ўнівэрсытэт, то высілкі ТБМ маюць плён, а разам — і пэрспэктыву на будучае.

(Трусаў: ) "Таварыства Беларускай мовы не сумняецца, што ў гэтым стагодзьдзі нашая мова будзе жыць і квітнець. Тым болей, што вынікі перапісу паказалі, што 3 мільёны 700 тысяч грамадзянаў Беларусі засьведчылі, што яны штодня гавораць па-беларуску. А для таго, каб мова засталася, трэба 10 тысяч актыўных носьбітаў. Гэта зьвесткі ЮНЭСКА".

Васіль Якавенка паведаміў, што склад удзельнікаў сымпозыюму будзе зацьверджаны 11 сьнежня. Паводле ягоных словаў, імёны гэтыя ўсясьветна вядомыя і, магчыма, сярод іх будуць нават Нобэлеўскія ляўрэаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG