Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Звышсакрэтнай вынаходкай, якая інтрыгавала сьвет новых тэхналёгіяў на працягу апошняга году, аказаўся самабалянсаваны самакат з маторам. Вынаходнік Дын Кэймэн працаваў у поўнай сакрэтнасьці, агульны кошт праекту склаў 76 мільёнаў даляраў. Самакат можа разьвіваць хуткасьць да 20 кілямэтраў на гадзіну, ён ня падае і кіруецца лёгкім нахілам цела. Ён можа рухацца па любой паверхні, а таксама уздымацца па сходах. На думку вынаходніка, самакат, эксплюатацыя якога каштуе 5 цэнтаў на дзень, можа замяніць аўтамабіль на вуліцах буйных гарадоў. Новы транспартны сродак будзе каштаваць каля 3 тысячаў даляраў і паступіць у продаж у канцы 2002 году.

* ФУДЗІ-ЁСІДА (ЯПОНІЯ). У гэтым месяцы ля падножжа гары Фудзіямы будзе адкрытая найхутчэйшая ў сьвеце «амэрыканская горка». Аматары хуткай язды будуць мець магчымасьць назіраць найпрыгажэйшую гару Японіі, адчуваючы пры гэтым вострыя ўражаньні — за 2 сэкунды хуткасьць горкі дасягае 172 кілямэтраў на гадзіну. Дагэтуль самай хуткай горкай была горка ў парку «Шэсьць сьцягоў» каля Атланты ў Злучаных Штатах — 161 кілямэтар на гадзіну.

* ВАШЫНГТОН. Гэтак званая «разумная» бомба, у выніку выбуху якой у сераду загінула некалькі амэрыканскіх вайскоўцаў і яшчэ некалькі дзясяткаў паранена — адзін з самых сучасных і дакладных відаў узбраеньня амэрыканскага войска. Бомба кіруецца праз рухомыя стабілізатары з дапамогай спадарожнікавай сыстэмы навядзеньня.. Каардынаты мэты могуць задавацца загадзя і мяняцца пасьля запуску. Пры дакладным навядзеньні бомба выбухае не далей чым за 15 мэтраў ад мэты. Дагэтуль застаецца невядомым, чаму запушчаная з бамбавіка B-52 бомба трапіла не ў талібаў, а ў амэрыканцаў і прадстаўнікоў Паўночнага Альянсу.

* ЛЁНДАН. Новы кампутаровы вірус Goner, які ўпершыню зьявіўся ў аўторак, працягвае пашырацца ў Эўропе. Вірус трапляе праз пошту, замаскіраваны пад «захавальнік экрана», і пры спробе адчыніць яго самарассылаецца на ўсе адрасы, знойдзеныя ў адраснай кнізе ахвяры. Пры гэтым вірус зачыняе пэўныя праграмы і зьнішчае сродкі антывіруснай аховы. Паводле спэцыялістаў, да наступнага тыдня ахвярамі Goner'а могуць стаць сотні тысячаў карыстальнікаў. Найбольш пацярпелі ад віруса Злучаныя Штаты, Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія.

* СЭУЛ. У Паўдзённай Карэі адкрылася першая ў сьвеце кібэр-алімпіяда. Каля 400 аматараў кібэр-гульняў з 37 краінаў сьвету 5 дзён будуць спаборнічаць у Сэуле. На адкрыцьці гульняў з прывітаньнем да ўдзельнікаў зьвярнуўся прэзыдэнт Паўдзённай Карэі Кім Дэ Джун. Ён выказаў спадзяваньне, што гэтая падзея ўмацуе статус краіны як сусьветнага лідэра інфармацыйных тэхналёгіяў.

* ЛЁНДАН. Паводле апошніх дасьледаваньняў, праведзеных у Вялікабрытаніі, 82 працэнты моладзі краіны ад 14 да 16 гадоў маюць свой мабільны тэлефон. Пры гэтым бальшыня апытаных лічыць свае тэлефоны элемэнтам моды. Для падлеткаў мабільны тэлефон сымбалізуе іх сацыяльны статус і адлюстроўвае іх асабовасьць, таму яны надаюць шмат увагі марцы, мадэлі і колеру тэлефона, а таксама выбару гукавых сыгналаў.
XS
SM
MD
LG