Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГОМЕЛЬСКІ МОЛАДЗЁВЫ ЦЭНТАР “ГАРТ” – У СУДЗЕ


Казімір Яноўскі, Гомель

Пратакол парушэньня дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі №8 пра парадак атрыманьня і скарыстаньня замежнай гуманітарнай дапамогі склала на спадара Адзінца старэйшая інспэктарка падатковай інспэкцыі Чыгуначнага раёну Юля Блінова.

Паводле дэкрэту, за нямэтавае выкарыстаньне гуманітарнай дапамогі прадугледжаны штраф у памеры кошту тэхнікі, яе канфіскацыя і нават ліквідацыя грамадзкай арганізацыі.

Сяргея Адзінца абвінавачваюць ў тым, што моладзевы цэнтр “Гарт” нібыта скарыстоўваў атрыманую з-за мяжы кампутаровую тэхніку ў арганізацыі незалежнага назіраньня за выбарамі, правядзеньні агітацыйнай кампаніі выбараў прэзідэнта, падтрымкі дзейнасьці незарэгістраванага моладзевага руху супраціву “Зубр”, а таксама для пікетаў, сходаў, выданьня газэтаў і ўлётак антыпрэзыдэнцкага зьместу.

Аднак гэтыя высновы падатковы інспэктар сьпісала зь лістоў мясцовых управаў КГБ і сьледчага камітэту міністэрства ўнутраных справаў. Менавіта супрацоўнікі ўправы КГБ за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў падчас вобшуку на прыватнай кватэры сябра “Гарту” Алеся Карніенкі сканфіскавалі З кампутары, 2 друкаркі, 2 сканэры і мадэм.

Сваёй тэхнікі пазбавілася тады і грамадскае аб’яднаньне “Грамадзянскія Ініцыятывы”. Рабілася гэта пад выглядам дасьледавання ў сувязі з распачатай крымінальнай справы з нагоды з’яўленьня ў горадзе графіці антыўрадавага зьместу.

Паколькі ніхто кампутарамі на сьценах ня пісаў, то з аргтэхнікай прыйшлося разбірацца надалей падаткоўцам. У грамадзкіх арганізацыях праведзены рэвізіі, складзены акты з уключэньнем абвінавачваньняў КГБ і міліцэйскага сьледчага камітэту.

Тым ня менш, судзьдзя Ганна Новік была ў разгубленасьці. Кіраўнік “Гарту” спадар Адзінец абвінавачваньні на сваю адрэсу не прызнаў. Ён патлумачыў, што “Гарту” тэхніка наагул не належыць. Адзін кампутар, сканэр і прынтар – гэта прыватная ўласнасьць Алеся Карніенкі. Астатняя частка тэхнікі атрыманая моладзевым цэнтрам ў безвыплатнае карыстаньне ад Агенцтва ўсясьветнага разьвіцьця ЗША праз фонд Counterpart Inernational.

Больш таго, кансультант Counterpart Алена Кузьмініч засьведчыла ў судзе, што паводле міжнародных пагадненьняў Беларусі і адмысловых пастановаў беларускага ўраду гуманітарныя праграмы Counterpart ня падпадаюць пад дзеяньне дэкрэту №8.

Давераная асоба кіраўніка “Гарту”, юрыст Леанід Судаленка зьвярнуў ўвагу судзьдзі на тое, што канфіскацыю кампутараў супрацоўнікі КГБ правялі з парушэньнем працэсуальных нормаў, не апячаталі сыстэмных блёкаў кампутараў, дзе захоўваецца інфармацыя.

Спадар Адзінец зараз наогул ня можа адказваць за інфармацыю, якая знаходзіцца ў памяці кампутараў. Юрыст патрабаваў выкліку ў суд дадатковых сьведкаў, у тым ліку і з КГБ. Разгляд адміністрацыйнай справы судзьдзя Новік працягне на наступным тыдні.

XS
SM
MD
LG