Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕРАСЬЦЕ НАВЕДАЛА ПРАДСТАЎНIЦА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША ШЭРЫЛ ДЖОНСАН


Алег Супрунюк, Берасьце

Прадстаўнiца Дзярждэпартамэнту Шэрыл Джонсан падчас сёньняшняга вiзыту ў Берасьце сустрэлася як з прадстаўнiкамi aфiцыйных уладаў, так i зь сябрамi недзяржаўных арганiзацыяў.

Спадарыня Джонсан наведала мясцовую Асацыяцыю жанчын-юрыстаў i грамадзкае аб'яднаньне падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў "Вежа". На гэтых сустрэчах прадстаўнiца Дзярждэпартамэнту падкрэсьлiла, што Злучаныя Штаты разам зь iншымi краiнамi будуць працягваць падтрымку дэмакратычных iнiцыятываў, што ставяць на мэце стварэньне на Беларусi грамадзянскай супольнасьцi.

Што да кантактаў з прадстаўнiкамi мясцовых органаў кiраваньня Беларусi, дык iхная неабходнасьць абумоўленая тым, каб яшчэ раз нагадаць беларускiм уладам пра ўмовы, пры якiх магчымае больш шчыльнае супрацоўнiцтва мiж нашымi краiнамi. Гэтыя ўмовы засталiся нязьменныя: беларускiя ўлады павiнны прытрымлiвацца агульнадэмакратычных нормаў, захоўваць правы чалавека й спрыяць разьвiцьцю недзяржаўнага сэктару эканомiкi.

У размове са старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Васiлём Даўгалёвым па прапанове амэрыканскага боку закраналася тэма незалежных мэдыяў у рэгiёне. Шэрыл Джонсан выказала заклапочанасьць тым, што пасьля прэзыдэнцкiх выбараў мясцовая вэртыкаль узмацнiла цiск на незалежныя сродкi масавай iнфармацыi. Як прыклад згадваўся той факт, што газэце "Брестский курьер" было адмоўлена ў карыстаньнi паслугамi гарадзкой друкарнi, гаспадаром якой фактычна зьяўляюцца берасьцейскiя ўлады.

У адказ спадар Далгалёў паведамiў, што ня бачыць праблемаў у стасунках зь незалежнай прэсай, але яму асабiста не падабаецца "Брестский курьер" i шэраг iншых мясцовых выданьняў.

Пра шчырасьць гэтых словаў Шэрыл Джонсан магла зрабiць высновы падчас сваёй апошняй сёньняшняй сустрэчы — у рэдакцыi "Брестского курьера". Там прадстаўнiца Дзярждэпартамэнту даведалася, што журналiсты гэтага выданьня былi пазбаўленыя магчымасьцi прысутнiчаць на яе сустрэчы з кiраўнiцтвам аблвыканкаму.
XS
SM
MD
LG