Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ ПАСЕДЖАНЬНЕ КАМІТЭТУ САКРАТАРОЎ САВЕТАЎ БЯСЬПЕКІ КРАІНАЎ СНД, ЯКІЯ ПАДПІСАЛІ ДАМОВУ АБ КАЛЕКТЫЎНАЙ БЯСЬПЕЦЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прыкладамі непаразуменьня паміж саюзьнікамі, а тое і варожасьці называюцца адносіны Расеі й Грузіі, Арменіі і Азэрбайджану, Украіны і Малдовы. Невядома, ці ўдасца цяпер, дзякуючы антытэрарыстычнай апэрацыі ў Афганістане, наблізіць пазыцыі бакоў, якія канфліктуюць. Але арганізатары сустрэчы ў Менску заяўляюць, што дзеля гэтага прыкладаюць ўсе намаганьні.

Паводле прэсавага сакратара беларускага Савету Бясьпекі Сяргея Верашчака, парадак дня паседжаньня дэманструе жаданьне сумесна працаваць і пераадольваць праблемы.

(Верашчак: ) "Сярод галоўных пытаньняў, якія будуць разгледжаныя на сустрэчы — узаемадзеяньне краінаў у справе барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, а таксама барацьба з наркотыкамі", — паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Савету Бясьпекі Беларусі Сяргей Верашчак.

Ён ня выключыў, што кіраўнікі Саветаў Бясьпекі абмяркуюць і праблему незаконнай міграцыі праз тэрыторыі гэтых краінаў з усходу на захад. Адзначаецца, што падчас ваенных дзеяньняў у Афганістане паток незаконнай міграцыі ў Эўропу значна ўзрос, а захадаў, каб спыніць яго недастаткова.

Дакладна вядома, што Аляксандар Лукашэнка не плянуе выступаць на паседжаньні Камітэту сакратароў Саветаў Бясьпекі. З удзельнікамі паседжаньня ён сустрэнецца толькі ў пятніцу, калі будуць завершаныя ўсе абмеркаваньні.

Такім чынам, сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком расейскага Савету Бясьпекі Ўладзімерам Рушайлам адбудзецца толькі у межах гэтага калектыўнага мерапрыемства. Гэта, паводле назіральнікаў, не тыпова для ранейшых кантактаў Лукашэнкі з высокімі чыноўнікамі Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG