Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЫТАНЬНЕ НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ: ЦІ ПАМЯТАЮЦЬ ЛЮДЗІ ПРА "СТАЛІНСКУЮ" КАНСТЫТУЦЫЮ?


Ягор Маёрчык, Менск

Фармальна тая канстытуцыя гарантавала многія грамадзянскія правы — у тым ліку свабоду слова, веравызнаньня, палітычных поглядаў. На справе ж менавіта на час дзеяньня той канстытуцыі прыпаў самы змрочны пэрыяд масавых палітычных рэпрэсіяў і перасьледу іншадумцаў у СССР.

Людзі сталава веку, зь якімі я размаўляў сёньня на вуліцах Менску, збольшага памятаюць, што некалі дзень 5 сьнежня быў сьвяточным:

(Карэспандэнт: ) "А вы памятаеце, што ў гэты дзень, 5-га сьнежня, некалі была прынятая "сталінская" канстытуцыя?"

(Спадарыня: ) "Ой! Я нічога не памятаю. Ну, ня ведаю... Увогуле, канечне, была, была".

(Спадар: ) "Памятаю, вядома. Чырвоны дзень календара быў".

(Спадарыня: ) "Не памятаю, забылася ўжо. Пятага сьнежня? А, менавіта — канстытуцыю прынялі".

(Спадарыня: ) "А як жа, памятаю. Гэты дакумэнт нельга назваць канстытуцыяй. Яна была крывадушная. Мяне перасьледавалі, перасьледавалі ўсю сям'ю. Зьнічтожылі 6 чалавек сям'і".

(Карэспандэнт: ) "Вы памятаеце, што сёньня дзень "сталінскай" канстытуцыі?"

(Спадар: ) "Не. Забыў".

(Спадарыня: ) "Памятаю, канечне. Некалі было вялікае сьвята".

"Сталінская" канстытуцыя была ўзорам бальшавіцкай крывадушнасьці: яна нібыта гарантавала свабоду слова і палітычных перакананьняў, але ў сапраўднасьці любая праява палітычнай неляяльнасьці да камуністычнага рэжыму каштавала савецкім грамадзянам асабістай свабоды, а то й жыцьця.

Стваральнікі цяперашняй Канстытуцыі шмат у чым перанялі гэтую традыцыю, калі запісанае ў Асноўным законе не супадае з рэаліямі. Напрыклад, паводле цяперашняй Канстытуцыі ўсім беларускім грамадзянам гарантаваны высокі ўзровень жыцьця, бясплатная мэдычная дапамога і адукацыя, шырокія палітычныя правы. Я пытаўся ў мінакоў: ці можна параўнаць "сталінскую" канстытуцыю зь цяперашняй і пры якой іхнае жыцьцё было лепшае?

(Спадарыня: ) "Дзе больш грошай, там і лепей. Калі Сталін быў, яму верылі. Закон быў такі моцны. А зараз — абы што. Жывем дрэнна: грошай мала, есьці няма чаго, хварэю".

(Спадар: ) "Тая канстытуцыя таксама была нармалёвая".

(Карэспандэнт: ) "А гэтая чым дрэнная?"

(Спадар: ) "А гэта мне, старому чалавеку, усё адно".

(Спадарыня: ) "Тая была лепшая. Было лягчэй жыць, чым цяпер".

(Карэспандэнт: ) "За якой канстытуцыяй лепш жыць: за "сталінскай" ці пры той, якая цяпер?"

(Спадар: ) "Пры той канстытуцыі, калі прадукты танныя. А як даражэюць, дык сталінская, ленінская, фашыстоўская — усе яны аднолькавыя. І тады дрэнна, і зараз. Вунь у Курапатах колькі людзей пазабівалі. За нішто!"

(Спадарыня: ) "Пры "сталінскай". Там усё было аднолькавае. А цяпер незразумела. Пойдзеш у краму, цэны ў адной краме адны, у другой — іншыя".

(Спадарыня: ) "Вы ведаеце, і сёньня немагчыма жыць, і тады было нельга. У нас няздатны прэзыдэнт. Любыя пераўтварэньні вядуць да лепшага, а ў нас з кожным годам робіцца ўсё горш і горш. Чаму?"

(Спадарыня: ) "Пры якой канстытуцыі лепей жывецца? Як у кішэні ёсьць, так і жывецца. Нам самае лепшае — Бог. Мы ідзем з касьцёла. А гэтая канстытуцыя — зусім іншая справа".

(Спадарыня: ) "Цяперашняя: свабода, дэмакратыя".

(Спадарыня: ) "Яны прыдатныя па сваім часе. Тады быў іншы пэрыяд у нашым жыцьці. Цяпер таксама ёсьць шмат добрага".

(Карэспандэнт: ) "Што добрае?"

(Спадарыня: ) "Шмат чаго добрага. Ня ведаю, не чытала сама, але пра гэта чула".
XS
SM
MD
LG