Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ МАЕ АДБЫЦЦА ПЛЕНУМ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятыва адхіленьня Ўладзімера Ганчарыка ад пасады кіраўніка Фэдэрацыі належыць ягоным апанэнтам з прафсаюзнага асяродзьдзя — у тым ліку лідэрам галіновых прафсаюзаў, функцыянэрам рэгіянальных аб'яднаньняў Фэдэрацыі ды старшыням прафкамаў прадпрыемстваў. Сярод іх, напрыклад, старшыня галіновага прафсаюзу работнікаў лёгкай прамысловасьці Валеры Ждановіч. Як паведаміў ён нашаму радыё, на заўтрашнім пленуме абавязкова падымуць пытаньне пра адстаўку Ганчарыка.

(Ждановіч: ) "Ужо дзьве вобласьці, Магілёўская пазаўчора, а Гарадзенская сёньня, прынялі рашэньні й патрабуюць, каб Ганчарык склаў паўнамоцтвы. Так вырашылі прэзыдыюмы прафсаюзаў гэтых абласьцей. Апроч таго, такія ж рашэньні прынялі чатыры галіновыя прафсаюзы — работнікаў прадпрыемстваў лёгкай і мясцовай прамысловасьці, дзяржаўных установаў і аховы здароўя.

Прычына ў тым, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Ганчарык не займаецца прафсаюзнымі справамі. Мы яго тут ня бачым, а бачым больш за мяжою, чымсьці тут", — зазначыў Валеры Ждановіч.

Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, ініцыятары адхіленьня Ганчарыка спадзяюцца на зьмену дачыненьняў паміж уладамі й прафсаюзамі. У сваю чаргу, прыхільнікі Ўладзімера Ганчарыка лічаць гэтую мэту памылковай. На іхную думку, наступствам такога партнэрства будзе страта прафсаюзамі незалежнасьці і ўсталяваньне поўнага кантролю з боку ўладаў.

А таму на заўтрашнім пленуме яго ўдзельнікам, як паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі, прапануюць абмеркаваць іншае пытаньне:

(Беланоўскі: ) "На пленуме заплянавалі разгледзець пытаньне дзейнасьці прафсаюзаў у сьвятле рашэньняў трэцяга зьезду Фэдэрацыі. І больш ніякага пытаньня пакуль не прадугледжана".

(Карэспандэнт: ) "А калі ўсё ж паставяць кадравае пытаньне?"

(Беланоўскі: ) "Калі паставяць, дык пленум будзе абмяркоўваць. Кожны сябар рады мае права выказваць сваю думку, мае права на сваю пазыцыю. Але, паводле зьместу цяперашняга статуту Фэдэрацыі, пленум ня мае права вызваліць ад пасады старшыню. І наогул, такое робіцца не на пленуме. Для гэтага ствараецца камісія, якая павінна разгледзець пытаньне. Таму што статут прымаецца зьездам Фэдэрацыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG