Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ПАТРАБУЮЦЬ СКІРАВАЦЬ СЬЦЁКАВУЮ ТРУБУ АД МЭМАРЫЯЛУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Будаўнікі фактычна скончылі пракладку вадасьцёку каля Курапатаў. Раней рабочыя й валанцёры дамовіліся, што дрэнажная сыстэма будзе такой, каб сьцёкавыя воды пайшлі не на тэрыторыю ўрочышча, а ў бок возера Цна.

Аднак учора ўвечары ў Курапаты прыехала начальства і загадала дарожным рабочым пакласьці яшчэ адзін кавалак трубы ў накірунку валанцёрскага лягеру. Назіральніца ад грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Мая Кляшторная, якая ў гэты час была ва ўрочышчы, і валанцёры доўга спрачаліся ў гэтай справе з кіраўнікамі будоўлі.

Аднак чыноўнікі заявілі, што ня будуць пракладваць вадасьцёк у Курапаты толькі ў тым выпадку, калі спадарыня Кляшторная зробіць уласным коштам альтэрнатыўны праект дрэнажнай сыстэмы. Такі падыход будаўнічага начальства вельмі абурыў абаронцаў Курапатаў. Гаворыць валанцёр Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Мы іх з гэтай трубой сюды ня пусьцім. Нават калі прыйдзе АМОН. Трэба прыцягваць увагу грамадзкасьці, мы будзем супрацьстаяць гэтай справе. На такім сьвятым месцы нельга рабіць балота, якое яны тут зрабіць хочуць".

А вось меркаваньне актывісткі Арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў Людмілы:

(Людміла: ) "Мы не дапусьцім, каб сюды быў вадасьцёк. Таму што, як казала ўчора Мая Тодараўна, усю гэтую ваду магчыма пусьціць у каналізацыю. А калі пусьціць ваду па костках, зноў будзе супрацьстаяньне".

Сёньня Мая Кляшторная, бацька якой быў расстраляны ў Курапатах у 1937 годзе, працягвала перамовы з будаўнічым начальствам. Паводле прэсавага сакратара грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Сяргея Сахарава, ёсьць верагоднасьць, што будаўнікі ўсё ж пагодзяцца адвесьці трубу вадасьцёку ад урочышча.

Сёньня ў лягеры начавалі 12 валанцёраў з Партыі Свабоды, Маладога Фронту, руху "Зубр" і Арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў. Яны прызнаюцца, што, з-за маразоў начаваць у намёце стала халодна. Валанцёры просяць людзей, у якіх ёсьць нейкія непатрэбныя старыя, але цёплыя рэчы перадаць іх у курапацкі лягер.

Аднак нягледзячы на холад, а таксама не зусім добрае харчаваньне, пакідаць Курапаты валанцёры не зьбіраюцца. Сёньня яны нарыхтоўвалі дровы для сваёй печкі, а таксама майстравалі новыя крыжы для адмысловай агароджы вакол мэмарыялу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG