Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ЗЬВЯЗ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ УЦЕКАЧОЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава


Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы існуе ад лютага гэтага году ды гуртуе грамадзянаў Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну ды папрасіць палітычнага прытулку ў польскіх уладаў. Цяпер у арганізацы больш за 20 чалавек – гэта ў асноўным маладыя людзі – актывісты беларускіх апазыцыйных палітычных партыяў.

Як паведаміў радыё старшыня зьвязу Ян Абадоўскі, арганізацыя была створаная дзеля таго, каб дапамагчы беларускім палітычным уцекачам адаптавацца ў Польшчы, забясьпечыць ім юрыдычную ды матэрыяльную дапамогу. У хуткім часе зьвяз мае намер наладзіць выпуск адмысловага бюлетэню, які будзе распаўсюджвацца на Беларусі ды інфармаваць апазыцыянэраў пра варункі палітычнай іміграцыі ў Польшчу.

Зьвяз таксама супрацоўнічае з польскім міністэрствам ўнутраных справаў – дапамагае ў справе ідэнтыфікацыі асобаў, якія зьвяртаюцца па палітычны прытулак. Дзякуючы шчыльным кантактам зь беларускімі апазыцыйнымі партыямі ды праваабарончымі арганізацыямі, сябры зьвязу могуць хутка даведацца, ці сапраўды ўлады на Беларусі перасьледавалі таго ці іншага ўцекача.

Апрача іншага сябры зьвязу хочуць заахвоціць палітычных уцекачоў
зь Беларусі ня ехаць далей, а стварыць свой асяродак тут, паблізу Бацькаўшчыны.

(Абадоўскі: ) “Пакуль будзе рэжым Лукашэнкі, палітычная іміграцыя будзе існаваць. Мы хочам гэтую хвалю палітычных уцекачоў спыніць тут у Польшчы, каб людзі не раз’яжджаліся па сьвеце, а гуртаваліся ў адным мейсцы ды працягвалі тут сваю палітычную дзейнасьць супраць рэжыму”.

Паводле спадара Абадоўскага, рэгістрацыя польскімі ўладамі арганізацыі з такім назовам, які ўтрымлівае словы “палітычныя ўцекачы зь Беларусі”, можа сьведчыць аб тым, што польскі бок разглядае беларусаў, якія просяць у Польшчы палітычны прытулак, як людзей, якія сапраўды маюць для гэтага падставы.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справў Беларусі Павал Латушка паведаміў сёньня радыё “Свабода”, што афіцыйнай пазыцыі беларускага боку ў справе рэгістрацыі зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы пакуль няма, аднак у хуткім часе яна будзе абвешчаная.

Дарэчы, напярэдадні ў Бухарэсьце міністар замежных справаў Польшчы Уладзімер Цімашэвіч, пасьля сустрэчы са сваім беларускім калегам, заявіў журналістам:

(Цімашэвіч: ) “Шанаваньне дэмакратычных стандартаў, нармалёвае стаўленьне да апазыцыі і апазыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама высьвятленьне лёсу зніклых палітыкаў, а калі яны былі забітыя – адпаведнае пакараньне віноўных і выканаўцаў – гэта мінімальныя ўмовы, якія Беларусь мусіць выканаць, каб ейныя палітычныя кіраўнікі маглі ўвайсьці ў эўрапейскія салёны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG