Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* БЭРЛІН. Нямецкі экалягічны часапіс «Greenpeace Germany» паведаміў, што паводле інфармацыі амэрыканскай дэлегацыі на канфэрэнцыі ААН ў пытаньнях біялягічнай зброі ў Жэнэве, у пашырэньні бактэрыяў антраксу ў ЗША маглі быць замешаныя супрацоўнікі амэрыканскай праграмы стварэньня біялягічнай зброі. Магчыная мэта зламысьнікаў — змусіць урад павялічыць бюджэт на дасьледаваньні ў галіне біялягічнай зброі. Афіцыйнае сьледзтва ў справе яшчэ ня выявіла канкрэтных злачынцаў, аднак генэральны пракурор ЗША Джон Эшкрафт не выключае ўнутрыамэрыканскую вэрсію злачынства.

* РЭХАВОТ (ІЗРАІЛЬ). Біяхімікі з Навуковага Інстытуту Вайцмана правялі дасьледаваньне лекавых уласьцівасьцяў часнаку і выявілі, што галоўную ролю ў іх адыгрывае аліцын —рэчыва з рэзкім пахам і смакам, якое бароніць часнок у глебе ад насякомых, грыбкоў і бактэрыяў. Сынтэзаваўшы аліцын у лябараторных умовах, навукоўцы выявілі, што гэтае рэчыва таксама дапамагае пры высокім ціску, лечыць дыябэт, парушэньні страўніка, зьніжае рызыку сардэчных прыступаў і забівае ракавыя клеткі.

* ВАШЫНГТОН. Група навукоўцаў, якія нядаўна абвясьцілі пра пасьпяховую спробу клянаваньня чалавечага эмбрыёна, паведамілі, пра ўдала праведзены экспэрымэнт з клянаваньнем эмбрыёна малпы. У адрозьненьне ад ранейшага экспэрымэнту з эмбрыёнам чалавека, эмбрыён малпы быў вырашчаны да той стадыі, калі зь яго ўжо можна браць зародкавыя клеткі. Пра гэта было паведамлена ў нядзелю на канфэрэнцыі рэгенэрацыйнай мэдыцыны, удзельнікі якой заклікалі ўрад Злучаных Штатаў прызнаць іх дасьледаваньні легальнымі і выдзеліць ім неабходныя фінансавыя сродкі.

* НЬЮ-ЁРК. Праз дваццаць гадоў пасьля таго, як у Злучаных Штатах быў упершыню клінічна засьведчаны выпадак захворваньня на СНІД, гэтая хвароба дагэтуль застаецца невылечная. Паводле дадзеных ААН, найбольш хворых на СНІД — 5 мільёнаў або адна дзявятая ад усяго насельніцтва - жыве ў Паўдзённа-Афрыканскай Рэспубліцы. Яшчэ ў 15 краінах колькасьць хворых перавышае 10 працэнтаў насельніцтва. Усяго ў сьвеце налічваецца больш за 40 мільёнаў хворых на СНІД, зь іх 4 з паловай мільёны — дзеці.

* ВАШЫНГТОН. Урад Злучаных Штатаў замовіў фармацэўтычным кампаніям падрыхтаваць 155 мільёнаў дозаў вакцынаў ад воспы, каб мець магчымасьць зрабіць прышчэпку кожнаму амэрыканцу ва ўмовах пагрозы біятэрарызму. Воспа была выкараненая больш за дваццаць гадоў таму, аднак экспэрты не выключаюць выкарыстаньня яе бактэрыяў у біятэрарыстычным нападзе. Воспа лёгка перадаецца ад чалавека да чалавека і ў 30-ці працэнтах выпадкаў канчаецца сьмерцю. Вакцынацыя ў першыя дні кантакту з хворымі можа папярэдзіць захворваньне.

* ЛУІСВІЛЬ (ШТАТ КЕНТАКІ). Робэрт Тулз, які пяць месяцаў таму стаў першым у сьвеце чалавекам, якому было імплянтаванае штучнае сэрца, памёр у мінулую пятніцу. Сьмерць 59-гадовага Тулза была выкліканая не праблемамі з сэрцам, а ўнутраным крывацёкам і спыненьнем дзейнасьці іншых ворганаў. У часе імплянтацыі лекары прадказвалі, што пацыент пражыве ня больш за месяц. Штучнае сэрца імплянтуецца толькі невылечна хворым, каму з пэўных прычынаў ня можа быць перасаджанае жывое сэрца і хто мае шанцы пражыць ня больш за месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG