Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД ШЫЛЬДАЙ БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ МОЖА РАЗГАРНУЦЦА ПЕРАСЬЛЕД ПАЛІТЫЧНЫХ ЭМІГРАНТАЎ


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня чэскія праваабаронцы выступілі з заклікам вызваліць яго. Так, прэзыдэнт праваабарончага фонду “Чалавек у бядзе“, які шмат дапамагае ў тым ліку і беларускім палітычным уцекачам. Томаш Пояр, піша, што калі Чэхія выдасьць Саліха узбэцкаму рэжыму – пляма ганьбы ляжа на ўсю краіну.

Учора міністэрства замежных справаў Нарвэгіі, дзе Саліх два гады таму атрымаў палітычны прытулак, зьвярнулася да міністэрства замежных справаў Чэхіі з просьбай вярнуць Саліха ў Нарвэгію. Знаходзячыся ў сьледчым ізалятары, Саліх напісаў адкрыты ліст да грамадзскасьці Прагі, у якім піша, што ніколі ня думаў, што будзе затрыманы ў краіне, дзе прэзыдэнтам – Вацлаў Гавал.

Нагадаем, Мухаммад Саліх – лідар апазыцыйнай партыі “Эрк” – ужо больш як 8 гадоў знаходзіцца ў эміграцыі. І два гады ён і ягоная сям’я жывуць ў Нарвэгіі, дзе яны атрымалі палітычны прытулак. Тры ягоныя браты сядзяць ва Ўзбэкістане ў турмах – прычым нават не за палітычную дзейнасьць, а толькі за тое, што яны браты дысыдэнта. Пра гэта Саліх піша ў сваім адкрытым лісьце. Ён нагадвае таксама, што ва Ўзбэкістане – ня менш як восем тысячаў палітычных зьняволеных.

У 1999 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўзбэкістане, прадстаўнікі АБСЭ паставілі пытаньне пра гарантыі вяртаньня ў краіну палітычных эмігрантаў — лідараў апазыцыі, у тым ліку і Саліха, які разглядаўся як канкурэнт прэзыдэнта Карымава на выбарах. Карымаў абвінаваціў Саліха ў тэрарызме, і выбары прайшлі бязь лідара апазыцыі.

Узбэкістан – не адзіная краіна са складу былога СССР, у якой былыя кандыдаты ў прэзыдэнты вымушаныя былі зьехаць у эміграцыю. У Казахстане – гэта былы прэм’ер Кажыгельдзін, у Беларусі – Пазьняк.

Але ёсьць выпадкі, калі нават кіраўнікі дзяржаваў вымушаныя шукаць палітычнага прытулку за мяжой – мы можам прыгадаць былога прэзыдэнта Азэрбайджану Эльчыбея ці караля Афганістану Захір-Шаха, імя якога сёньня на слыху.

Зрэшты, у кантэксьце міжнароднага права адносна ўцекачоў статус былога караля ці шэраговага актывіста апазыцыйнай партыі – аднолькавы.

Але звычайна былыя кіраўнікі дзяржаваў ці лідары апазыцыі вядуць актыўнае палітычнае жыцьцё, езьдзяць па сьвеце, сустракаюцца з палітыкамі, з дыяспарай і гэтак далей. Натуральна, яны выступаюць з крытыкай кіраўнікоў сваіх краінаў, і часьцей за ўсё маюць на мэце дамагчыся іх адстаўкі.

Для кіраўнікоў аўтарытарнага тыпу такая дзейнасьць – наагул любая дзейнасьць, якая нясе хоць нейкую небясьпеку іх асабістай уладзе – найвялікшае злачынства. Нават калі такая пагроза ім толькі мроіцца. Ім нічога не перашкаджае прыраўняць гэта да тэрарызму, і разаслаць адпаведныя запыты ў Інтэрпол ці ў праваахоўчыя ворганы асобных краінаў.

І дарэчы, менавіта пра гэта піша сёньня ў сваім артыкуле прэзыдэнт праваабарончага фонду “Чалавек у бядзе“ Томаш Пояр. Такая практыка можа проста заблакаваць дзейнасьць дысыдэнтаў, якія апынуліся ў эміграцыі – іх, магчыма, і ня выдадуць сваім краінам, але яны ня будуць вылазіць з іміграцыйных турмаў.

Кожны факт затрыманьня вядомых асобаў звычайна робіцца цэнтрам увагі прэсы. І ўлады краіны, дзе затрыманы дысыдэнт, звычайна не зацікаўленыя ў скандалах. Калі год таму Кажыгельдзіна затрымалі памежнікі ў маскоўскім аэрапорце, на просьбу казаскага кіраўніцтва, і апанэнт Назарбаева адчуў сябе дрэнна – яго імгненна пераправілі ў Крамлёўскі шпіталь, а калі прыбыла група з казаскай пракуратуры, Кажыгельдзін пад аховай спэцназу быў пасаджаны ў самалёт і высланы.

Цяпер ён жыве ў Лёндане. Да гэтага часу Масква не выдае Азэрбайджану былога прэзыдэнта Муталібава. Хаця ёсьць і іншыя выпадкі, калі Масква выдавала палітыкаў. Але, падкрэсльіваю, кожны такі выпадак – гэта скандал, і рашэньне звычайна прымаецца на самым высокім узроўні.

А вось датычна звычайных уцекачоў – ўсё можа адбыцца і без увагі прэсы. З такіх краінаў, як Іран, ці Афганістан, ці Куба – дзясяткі тысячаў ўцекачоў. Зь Беларусі іх – сотні. Іх імёны мала каму вядомыя, і ў гэтыя дні праваабарончыя арганізацыі выказваюць засьцярогу, што пад шыльдай барацьбы з тэрарызмам можа адбывацца расправа з нявіннымі людзьмі.

Выглядае, што апошнія падзеі, у тым ліку і здарэньне ў Празе, выяўляюць пэўныя супярэчнасьці паміж, з аднаго боку – прызнанай цывілізаванымі краінамі сьвету Канвэнцыяй аб уцекачах, а з другога – ненабходнасьцю барацьбы са злачынствам і з тэрарызмам.

Верагодна, будуць скарэктаваныя пэўныя юрыдычныя крытэрыі, паводле якіх даецца палітычны прытулак. Хаця і цяпер працэдура наданьня прытулку даволі складаная, і першае, што вывучаюць іміграцыйныя службы – ці ты не злачынца (а таксама – ці не супрацоўнік спэцслужбаў). Пакуль жа можна канстатаваць рэзкае абмежаваньне колькасьці наданьня статусу палітычнага уцекача – практычна ў ва ўсіх заходніх краінах. Гэта тое, што відавочна ў апошнія пару месяцаў.
XS
SM
MD
LG