Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТАР ЮСТЫЦЫІ ПАДТРЫМЛІВАЕ ЗАКРЫЦЬЦЁ ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня міністар юстыцыі Віктар Галаванаў назваў абгрунтаванымі нядаўнія рашэньні Вярхоўнага Суду пра ліквідацыю Моладзевага інфармацыйнага цэнтру і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Камэнтуючы нашаму радыё ініцыятывы Мінюсту, спадар Галаванаў зазначыў:

(Галаванаў: ) "Што да аб'яднаньня студэнтаў, то ім двойчы выносілі афіцыйнае папярэджаньне за парушэньне заканадаўства. Але і пасьля гэтага яны не дазволілі прадстаўніку Мінюсту праверыць дакумэнты.

Затым кіраўніка гэтага аб'яднаньня запрашалі да начальніка ўпраўленьня, каб знайсьці паразуменьне. А ў мінулым месяцы гэты кіраўнік запрашаўся ўжо да міністра юстыцыі. І высьветлілася, што гэты чалавек не разумее нічога, не прызнае сваёй віны, не дае абяцаньняў надалей дзейнічаць у межах закону".

Прадстаўнікі зьліквідаваных структураў лічаць абвінавачаньні Міністэрства надуманымі й неабгрунтаванымі. Між іншым, падзяляе гэтую пазыцыю і яшчэ адна моладзевая арганізацыя — Беларускае аб'яднаньне маладых палітыкаў. Вось якімі ўражаньнямі пра дзеяньні Мінюсту падзяліўся з нашым радыё прэзыдэнт аб'яднаньня Алесь Цынкевіч:

(Цынкевіч: ) "Нам вынесьлі прысуд за тое, што чыноўнік Міністэрства юстыцыі тэлефанаваў да нас і перадаў нейкаму чалавеку, прозьвішча якога ён ня мог назваць, што ў Асацыяцыю маладых палітыкаў прыбудзе праверка і каб яны рыхтавалі дакумэнты. Але хто быў той чалавек, якому нібыта телефанаваў чыноўнік, мы дагэтуль ня ведаем.

Вось як Міністэрства юстыцыі паведамляе аб праверцы. Магчыма, патэлефанавалі нейкаму чалавеку, а мы мусім несьці пакараньне. Я не выключаю, што нешта падобнае магло быць і з гэтымі арганізацыямі".

Паводле словаў лідэра Беларускага аб'яднаньня маладых палітыкаў, моладзевыя структуры былі зьліквідаваныя вось па якой прычыне:

(Цынкевіч: ) "Я не лічу, што тыя парушэньні, што былі зафіксаваныя ў гэтых арганізацыяў, былі гэткімі істотнымі, што іх трэба было зьліквідоўваць. Я лічу, што гэта кампанія вынішчэньня грамадзкіх арганізацыяў, якія недаспадобы цяперашняму рэжыму. На маю думку, і Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, і Моладзевы інфармацыйны цэнтар працавалі з моладзьдзю ў тым накірунку, які яны самі выбралі, а не кіраваліся загадамі рэжыму".
XS
SM
MD
LG