Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДЫПЛЯМАТ ЭБЭРГАРД ГАЙКЕН РАЗГЛЯДАЕЦЦА ЯК ВЕРАГОДНЫ ПЕРАЕМНІК АБМАСАДАРА ВІКА


Алена Панкратава, Менск

Як паведамілі мне калегі зь Нямецкага Радыё (ARD), у размове з карэспандэнтам ARD старшыня Парлямэнцкай групы ў справе АБСЭ ПА АБСЭ Ўта Цапф пацьвердзіла, што на зьмену Гансу-Георгу Віку ў Менск прыедзе Эбэргард Гайкен, былы амбасадар Нямеччыны ва Ўкраіне.

Адрозна ад спадара Віка, 60-гадовы спадар Гайкен мае рэпутацыю больш мяккага палітыка. Апошнім часам ён узначальвае Нямецка-ўкраінскі форум — арганізацыю двухбаковага палітычнага супрацоўніцтва. Паводле ацэнак прадстаўнікоў адпаведных палітычных колаў, спадар Гайкен выдатна валодае пытаньнямі ўкраінскага і беларускага рэгіёнаў.

У эўрапейскіх структурах няма такога правіла, каб немца на пэўнай дыпляматычнай пасадзе абавязкова зьмяняў бы немец, француза — француз, ангельца — ангелец. "Але ж Беларусь — гэта асаблівая тэма, і тут патрэбная пэўная пасьлядоўнасьць", — паведаміў мне бэрлінскі палітоляг, вядомы ў Нямеччыне экспэрт у беларускім пытаньні Аляксандар Рар.

Паводле спадара Рара, учора ў нямецкім Міністэрстве замежных справаў ён сам спытаўся пра дыплямата, які прыйдзе на месца Ганса-Георга Віка.

(Рар: ) "Яны сказалі, што найхутчэй гэта будзе нямецкі дыплямат, аднак прозьвішча не назвалі".

Як лічыць Аляксандар Рар, прызначэньне спадара Гайкена на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску магло б быць вельмі лягічным.

Паводле нямецкага палітоляга, пасьля пераезду нямецкай сталіцы на ўсход краіны, у Бэрлін, Нямеччына адыгрывае вядучую інтэграцыйную ролю ў краінах былога Варшаўскага блёку. Калі немец мае мандат ад той ці іншай эўрапейскай структуры, ён звычайна прадстаўляе ня толькі саму эўраструктуру, але й Нямеччыну.

(Рар: ) "У выпадку зь Беларусьсю патрэбная пасьлядоўнасьць. У самога спадара Віка быў дастаткова маленькі апарат беларускай місіі АБСЭ. Ён быў на гэтай пасадзе таму, што прадстаўляў Нямеччыну, а ня толькі Араганізацыю Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе.

У дыплямата такога рангу заўсёды ёсьць цесныя кантакты з МЗС Нямеччыны, нямецкім канцлерам. Ён заўсёды мае давер сярод краінаў (гэта большасьць краінаў кантынэнтальнай Эўропы), якія б жадалі, каб Нямеччына выконвала фукцыі інтэгратара ў межах АБСЭ ў Беларусі. Таму проста лягічна, каб спадара Віка замяніў іншы прадстаўнік Нямеччыны. Я думаю, што трэба, каб была пасьлядоўнасьць".
XS
SM
MD
LG