Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАШЫСТОЎСКАЯ ЛІТАРАТУРА НА НЕКАТОРЫХ МЕНСКІХ КІРМАШАХ ПРАДАЕЦЦА ВОЛЬНА І Ў ЛЮБОЙ КОЛЬКАСЬЦІ


Ігар Карней, Менск

Да таго часу, пакуль зь менскага Камароўскага рынку не прыбралі шапікі, фашыстоўскую ды нацыянал-шавінісцкую літаратуру можна было набыць насупраць Дому мэблі ў нейкага Сыча — пад такой мянушкай ведалі гэтага гандляра аматары спэцыфічнага чытаньня.

Куды падзеўся Сыч пасьля адсяленьня вулічных гандляроў з Камароўкі, высьветліць не ўдалося, але, мяркуючы па ўсім, пасунуўся ён за шапікамі ў раён новага рынку па віцебскай шашы —"Аквабелу".

Таксама, паводле некаторых крыніцаў, адмысловая літаратура распаўсюджваецца ў раёне Маскоўскага аўтавакзалу: гэта месца ёсьць сталым, хоць і неафішаваным зборам прыхільнікаў незарэгістраванага руху "Рускае нацыянальнае адзінства". Якраз тут можна замовіць і адпаведную сымболіку РНЕ.

Паводле некаторых мэляманаў з гэтак званага аматарскага клюбу філяфаністаў, зараз зусім вольна можна набыць музычныя маршы Трэцяга рэйху: за 5–10 даляраў з Масквы прывязуць любы збор вайсковай музыкі з цыклю "Дойчэ зольдатэн".

Пры вялікім жаданьні адпаведную літаратуру можна набыць на самым звычайным кніжным кірмашы. "Жыцьцё Гебэльса", "Нататкі Шэленбэрга", "Застольныя гутаркі Гітлера", пад замову нават скандальна вядомая праграмная праца фашыстоўскага фюрэра — "Майн кампф".

Самі гандляры ніякага крыміналу ў гэтым ня бачаць, бо ўсе гэтыя творы ў Расеі выдаюцца афіцыйна і праходзяць як "гістарычна-дакумэнтальная літаратура". Вось што мне распавёў былы рэалізатар кніжнай прадукцыі Кірыл Саховіч:

(Саховіч: ) "Майн кампф" можна набыць наогул без праблемаў. Уся гэтая літаратура ў Палацы лёгкай атлетыкі на вуліцы Даўмана вольна прадаецца з 12-й начы кожнай суботы да раніцы нядзелі. Там процьма ўсялякай літаратуры такога кшталту, уключна і з баркашоўскай. Нават калі адразу чагосьці ня знойдзеш, то пад замову кожны другі прывязе тое, што трэба. Прынамсі, гэта не праблема.

"Майн кампф" на расейскай мове я бачыў, штосьці, памятаю, было пра Геса. Рэгулярна ў продажы баркашоўская газэта "Завтра". Я наогул гэтага не разумею — людзей, якія прадаюць з рук "Народную волю", "Нашу свабоду" ганяюць, а на Камароўцы дагэтуль стаіць дастаткова дзіўная асоба з газэтай "Завтра" і без праблемаў гандлюе".

У крамах падобнай літаратуры няма. Калі раней "Застольныя гутаркі Гітлера" можна было набыць нават у цэнтральных кнігарнях, то зараз Міністэрства гандлю, якое адказвае за асартымэнт прадукцыі, падобную "клясыку" адназначна кваліфікуе як "літаратуру, што распальвае нецярпімасьць і міжнацыянальную варожасьць".

Што да вышэйзгаданых кірмашоў, то нават відавочнае парушэньне заканадаўства ня ёсьць падставай для прыцягненьня да адказнасьці ў адпаведнасьці са 130-м артыкулам Крымінальнага кодэксу. Як скардзяцца самі супрацоўнікі праваахоўчых органаў, яшчэ нікога не ўдалося пакараць: маўляў, няма прэцэдэнту, каб кагосьці ў часе прапаганды нацыяналістычных ідэяў схапілі за руку.

Паводле Крымінальнага кодэксу, усялякая расавая, нацыянальная ды рэлігійная варожасьць караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 12 гадоў. Але пакуль толькі гіпатэтычна.
XS
SM
MD
LG