Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АХОЎНІК ЛУКАШЭНКІ ВЫСТУПІЎ У СУДЗЕ НАД ІГНАТОВІЧАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе над Ігнатовічам ды іншымі абвінавачанымі ў выкраданьні Завадзкага па-ранейшаму дапытваюць сьведкаў. Прычым апошнім часам назіральнікі адзначаюць супрацьстаяньне адвакатаў і пракурораў у пытаньні, каго варта заслухаць як сьведкаў.

Прыкладам, менавіта адвакаты дамагліся, каб дапыталі былога ахоўніка Лукашэнкі, а цяпер байца спэцпадразьдзелу "Алмаз" Аляксандра Лявоненку. Ёсьць падазрэньні, што ён, як і алмазавец Малік і амонавец Гуз, уваходзіў у групоўку Ігнатовіча і, магчыма, браў удзел у вымаганьні грошай ды іншых злачынствах.

Ёсьць эпізод, у якім роля былога ахоўніка Лукашэнкі не выклікае сумневу ў адвакатаў пацярпелых. У гэтым маглі пераканацца і судзьдзі, бо Лявоненка пацьвердзіў, што быў побач з Ігнатовічам, калі той адбіраў у прадпрымальніка Смалякова 16 тысяч даляраў. "Паміж намі было 20 мэтраў", — паводле крыніцаў, прызнаў на судзе былы ахоўнік прэзыдэнта.

Сьледзтва, аднак, палічыла, што гэта дастатковая адлегласьць, каб нічога ня ведаць пра злачынныя дзеяньні свайго сябра, і прэтэнзіяў Лявоненку не прад'явілі. Цяпер адвакаты спрабуюць аспрэчыць гэтае рашэньне. Яны мяркуюць, што дзейнасьць былога прэзыдэнцкага ахоўніка вартая больш ўважлівага расьсьледаваньня.

Ня выключана, аднак, што ў іх нічога не атрымаецца. "Пракурор Шкедаў ужо выказваў пратэст супраць некаторых пытаньняў да Лявоненкі. Здаецца, пракурор нэрвуецца недарма", — патлумачыў мне адзін з адвакатаў пацярпелых. І ўсё ж адвакаты ня страцілі надзеі, зачапіўшыся за адзін злачынны эпізод з удзелам Лявоненкі, выйсьці й на іншыя, у тым ліку на выкраданьне Зьмітра Завадзкага.

Ключавым сьведкам лічаць адвакаты й былога генпракурора Алега Бажэлку. Аднак рашэньне пра ягоны допыт як сьведкі застаецца нерэалізаваным. Нагадаю, тыдзень таму пасьля выступу Паўла Шарамета судзьдзя пастанавіў дапытаць Бажэлку, але дагэтуль былога генпракурора быццам ніяк ня могуць адшукаць.

Нарэшце, сёньня судзьдзя Сіманаў нібыта даведаўся хатні адрас Бажэлкі й паабяцаў выклікаць яго ў суд.

І яшчэ пра адно важкае, на думку абароны, сьведчаньне. Сёньня маці аднаго з абвінавачаных, Сяргея Савушкіна, паводле крыніцаў, прызнала, што яе сын перад ад'ездам разам з Ігнатовічам у Чачэнію ня меў нават кішэнных грошай, а адтуль вярнуўся з пачкам купюраў, у тым ліку даляраў.

Ускосна гэтыя сьведчаньні пацьвярджаюць вэрсію, паводле якой групоўка Ігнатовіча выконвала ў Чачэніі нейкае сакрэтнае заданьне і гэта выпадкова магло стаць вядома Зьмітру Завадзкаму. Нагадаю, днямі пра такую вэрсію на хвалях Радыё Свабода заявілі зьбеглыя ў Нарвэгію былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца і актывіст "Краю" Андрэй Жарнасек. Пра сувязь беларускіх спэцслужбаў з чачэнскімі падзеямі казаў у судзе і тэлежурналіст Павал Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG