Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТВОРАНАЯ ЯШЧЭ АДНА САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На зьезьдзе новай партыі, якую вырашылі назваць БСДП, прысутнічала 129 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Усе яны ў мінулым сябры партыі Народная грамада, якім не падабаецца стыль кіраваньня старшыні Міколы Статкевіча. Дэлегаты сёньняшняга зьезду казалі, што у іх і прыхільнікаў спадара Статкевіча разыходжаньні не ідэалягічнага, а арганізацыйнага ды тактычнага харакатару. Яны доўгі час спрабавалі пазьбегнуць расколу Народнай грамады, аднак сёньня гэты раскол быў аформлены юрыдычна. Распавядае адзін з арганізатараў зьезду новай БСДП Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Гэта па сутнасьці разьвіцьцё таго даўняга канфлікту, які паўстаў унутры БСДП. Паўстаў не з нашае віны, а зь віны кіраўніцтва на чале са Статкевічам. Гэта стварэньне паралельных структураў, гэта перфармаваньне арганізацыйных прынцыпаў пад партыю цэнтралізаванага тыпу. Лепш весьці сумленную гульню. А другі матыў, захаваўшы чысьціню сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў, рухацца далей да аб'яднаньня сацыял-дэмакратыі ў шэрагах адзінай аб'яднанай партыі".

Паводле Аляксея Караля, ягоныя калегі ўжо пачалі кансультацыі з прадстаўнікамі БСДГ Станіслава Шушкевіча ў справе аб'яднаньня ў пэрспэктыве іхных структураў у адзіную сацыял-дэмакратычную партыю. Новыя сацыял-дэмакраты таксама спадзяюцца на вельмі шчыльнае супрацоўніцтва з партыяй жанчынаў "Надзея". Гаворыць дэлегатка сёньняшняга зьезду Тацяна Халецкая:

(Халецкая: ) "На сёньняшні момант ёсьць 5 ці 6 партыяў сацыял-дэмакратычнага накірунку. Гэта не нармальна і трэба браць курс на аб'яднаньне. Тым больш, што выбары паказалі, што ў гэтым накірунку ёсьць сэнс працаваць".

Аднак стварэньне аб'яднанай партыі справа будучыні, калі БСДП будзе афіцыйна зарэгістраваная. А пакуль, на думку дэлегатаў трэба ствараць новыя структуры й умацоўваць старыя. Дэлегаты гавораць, што іхняя партыя мусіць мець дэмакратычнае кіраўніцтва і адстойваць прынцыпы сацыяльнай справядлівасьці, як гэта й меркавалася, калі на пачатку 90-х гадоў была створаная сацыял-дэмакратычная Грамада Міхася Ткачова. Гаворыць яшчэ адзін з арганізатараў зьезду БСДП Анатоль Сідарэвіч:

(Сідарэвіч: ) "Летась, на 4 зьездзе, нам не ўдалася правесьці рэформы ў партыі, наблізіць яе арганізацыйную структуру да прынцыпаў прызнаных эўрапейскім сацыял-дэмакратычным рухам. Цяпер нам прыходзіцца дарабляць тое, што не дарабілі на 4 зьездзе. Мы ясна напісалі ў праграме й ніколі не адмовімся ад тае ісьціны, што калі партыя недэмакратычная нутрана, яна ня можа несьці дэмакратыю ў грамадзтва".

Зьезд прыняў рашэньне пакуль не абіраць старшыню партыі (гэта будзе зроблена пазьней, калі пойдзе працэс рэальнага аб'яднаньня БСДП зь іншымі сацыял-дэмакратычнымі партыямі). А цяпер партыяй будзе кіраваць Нацыянальная рада на чале з Анатолям Гурыновічам, і Цэнтральны камітэт, які ўзначаліў Аляксей Кароль.

Ніякіх юрыдычных і маёмасных прэтэнзыяў да партыі Народная грамада, БСДП выстаўляць не зьбіраецца. Зьезд таксама прыняў дэклярацыю з заклікам да кансалідацыі дэмакратычных сілаў дзеля абароны незалежнасьці Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG