Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАЦКІМ ВАЛАНЦЁРАМ ДАПАМАГАЮЦЬ ДЗЕЦІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняя ноч у Менску выдалася вельмі марозная — было больш як 15 градусаў марозу. Тым ня менш, у лягеры валанцёраў сёньня начавалі восем актывістаў Партыі Свабоды, Маладога Фронту і арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў.

Калі я прыехаў ва ўрочышча, экскаватаршчык вельмі ахайна здымаў грунт з адхону дарогі, не чапаючы ўсталяваных там крыжоў. Распавядае старшы ў лягеры валанцёраў Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Нарэшце пачалі выконваць нашы патрабаваньні. Нам далі зацьверджаны плян будаўніцтва, і цяпер мы можам кантраляваць кожны мэтар, кожны сантымэтар дарогі. Зараз яны адкопваюць тое, што засыпалі. Ад нас патрабавалі, каб мы выкапалі крыжы. Будаўнікі іх засыпалі амаль на палову, а цяпер іх адкопваюць. Калі зваліўся на адзін з крыжоў камень і трохі яго прыціснуў, будаўнікі прасілі прабачэньня, што так здарылася".

Пакуль я гутарыў з Алесем Гетманам, каля лягеру спынілася машына, зь якой выйшаў старшыня Камітэту аўтадарогаў Аляксандар Мінін, які паведаміў аднаму з валанцёраў, што працы будаўнікоў ідуць пад ягоным кантролем. Спадар Мінін сказаў, што калі раптам валанцёры заўважаць нейкія парушэньні з боку будаўнікоў, то да рабочых будуць адпаведныя меры.

Варта ініцыятывы "Моладзь за Курапаты" будзе працягвацца — нягледзячы на маразы. Нядаўна валанцёрам прынесьлі дзьве скрыні зь елачнымі цацкамі, і цяпер моладзь рыхтуецца да сьвяткаваньня Калядаў і Новага году. А ўчора ў курапацкім лягеры зь мехам сьвежых булак зьявіліся два вучні адной зь менскіх школаў. Алесь Гетман працягвае:

(Гетман: ) "Прыйшлі два хлопчыкі. Мы адразу іх заўважылі. Яны тут хадзілі, перажагналіся, памаліліся каля крыжоў, а потым падышлі да нас і кажуць: "Вось — мы, што змаглі сабралі, цёплых булак і мінэралкі". Таксама прынесьлі віншаваньне абаронцам Курапатаў: што яны нас падтрымліваюць, і што Беларусь не загіне, пакуль ёсьць такія як мы, што сядзяць у Курапатах".

Сёньня курапацкія валанцёры нарыхтоўвалі дровы на ноч, а таксама рабілі новыя крыжы, якія будуць усталяваныя ва ўрочышчы выходнымі.

Неўзабаве інфармацыйная старонка ініцыятывы "Моладзь за Курапаты" зьявіцца ў Інтэрнэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG