Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 66-ЦІ ПРАДПРЫЕМСТВАХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ АДКЛЮЧЫЛІ ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Пад санкцыі энэрганагляду трапілі прадпрыемствы, якія нават пасьля афіцыйных папярэджаньняў не разьлічыліся за энэрганосьбіты. Сярод іх найперш прадпрыемствы й фірмы прыватнай альбо калектыўнай формаў уласнасьці. Гэта абласны гандлёвы цэнтар "Гарант", таварыства з дадатковай адказнасьцю "Інвэрт" ды шэраг іншых.

І хаця даўгі ў гэтых суб'ектаў гаспадараньня меншыя, чым у дзяржаўных заводаў і аб'яднаньняў, аднак менавіта да іх энэрганагляд бярэ самыя жорсткія санкцыі. Дзяржаўныя ж прадпрыемствы ратуюць ад поўнага адключэньня "вэртыкальныя" органы.

Адзінае, што ўдаецца энэрганагляду, — абмежаваць так званым "дзяржаўным" даўжнікам спажываньне электрычнасьці. Такіх прадпрыемстваў у рэгіёне сёньня налічваецца больш за 250 — па сутнасьці, кожнае трэцяе з існуючых. І гэта пры тым, што афіцыйныя ўлады заяўляюць пра ажыўленьне вытворчасьці і рост аб'ёмаў выпуску прадукцыі.

Абмежавалі падачу электраэнэргіі нават такім буйным прадпрыемствам як "Гомсельмаш", завод ліцьця і нармаляў, радыёзавод, завод пускавых рухавікоў, рагачоўскі "Дыяпраектар".

Галоўны інжынэр заводу пускавых рухавікоў Міхаіл Гіль паведаміў, што абмежаваньні прывялі да поўнага спыненьня электроднага цэху, тэрмічнага і кампрэсарнага ўчасткаў. Сытуацыя ўскладняецца тым, што на заводзе ня выплацілі калектыву заробкі за верасень, кастрычнік і лістапад. Любое зьніжэньне выпуску прадукцыі аўтаматычна пагаршае фінансавы стан прадпрыемства.

Вытворцы распавядаюць, што сытуацыя з аплатай за энэрганосьбіты пагоршыцца. Рэч у тым, што з новага году Расея падвышае цэны на электраэнэргію. І паколькі асноўную частку яе Беларусь купляе менавіта ва ўсходняй суседкі, то даўгі стануць надзвычай цяжкай ношай для многіх прадпрыемстваў рэгіёну.

XS
SM
MD
LG