Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БУХАРЭСЬЦЕ ІГАР ІВАНОЎ ЗАКЛІКАЎ ПАДВЫСІЦЬ РОЛЮ “ПАЛЯВЫХ” МІСІЯЎ (КНГ), А МІХАІЛ ХВАСТОЎ ЗАКЛІКАЎ ДА АДВАРОТНАГА


Радыё Свабода.

(Сьвірко: ) “Выступленьне міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова ўжо адбылося, і кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік, які таксама знаходзіцца ў Бухарэсьце, пасьпеў мне ужо ўсё гэта пракамэнтаваць. Але давайце па парадку.

Сёньня распачалася 9 сустрэча міністраў замежных справаў АБСЭ ў Бухарэсьце. Вядома, што сёлета старшынявала ў гэтай арганізацыі Румынія, а ў наступным годзе старшыняваць будзе Партугалія. І вось сёньня Румынія падсумоўвала вынікі працы.

Безумоўна, галоўнай тэмай дня ў часе абмеркаваньня сталася праблема барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Усе з гэтага пачыналі прамовы, нават міністар Хвастоў пачаў з гэтага свой выступ.

Чакаецца, што падчас сустрэчы будзе прыняты плян дзеяньня ў пытаньні барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, але гэта адбудзецца заўтра.

Што да іншых цікавых момантаў у прамове Міхаіла Хвастова, ён заклікаў выправіць функцыянальны і рэгіянальны дысбалянс у АБСЭ. Які дысбалянс меўся на ўвазе, ён не патлумачыў. Цікава, што гэтая частка прамовы Хвастова амаль не адрозьніваецца ад тэхаскай прамовы расейскага міністра замежных справаў Іванова, які таксама заклікаў выпраўляць функцыянальны і геаграфічны дысбалянс.

Але я заўважыў наступную адметную рысу: ёсьць крытычная супярэчнасьць паміж беларускім і расейскім міністрамі замежных справаў. Ігар Іваноў казаў, што АБСЭ мусіць зрэалізаваць гуманітарны складнік сваёй дзейнасьці, і важную ролю ў гэтай справе мусіць адыграць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, а таксама так званыя палявыя місіі, накшталт Кансультацыйна-назіральнай групы.

З другога боку міністар Хвастоў заявіў, што нельга засяроджвацца на гуманітарнай і праваабарончай праблематыцы, і заклікаў пераасэнсаваць дзейнасьць палявых місіяў АБСЭ. Яны, паводле Хвастова, ня мусяць пераўтварацца ў мэханізм ці інструмэнт умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў.

(Радкевіч: ) “Ці будзе сёньня названае імя пераемніка Віка?”

(Сьвірко: ) “Толькі што я размаўляў з амбасадарам Вікам і ён адмаўляецца камэнтаваць гэтае пытаньне, кажа, што нічога пра гэта ня ведае і кажа, што гэтае пытаньне трэба задаваць старшыні, міністру замежных справаў Румыніі. Напэўна, заўтра гэтае імя будзе названае. Амбасадар Вік адно пракамэнтаваў выступ міністра Хвастова, калі ён закрануў пытаньне працэдуры закрыцьця місіяў АБСЭ. Амбасадар Вік зазначыў, што Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску зачыняць яшчэ зарана.

Між іншым, міністар Хвастоў заявіў, што трэба павысіць яе эфэктыўнасьць і празрыстасьць. На гэта Вік адказвае, што дзейнасьць місіі ў Беларусі досыць празрыстая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG