Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ — ІЗГОЙ У СВАЁЙ СЫСТЭМЕ?"


Алена Панкратава, Менск

Грамадзка-палітычны часопіс "Wostok" выдаецца ў Бэрліне на нямецкай мове. Толькі назва ў выданьня — расейская. Асноўныя артыкулы часопісу прысьвечаныя аналізу сытуацыі ў постсавецкіх краінах і разьлічаныя на кола чытачоў з тых палітыкаў, палітолягаў, грамадзкіх дзеячоў, якія займаюцца Ўсходняй Эўропай.

Тэма Беларусі закранаецца ў кожным нумары. Артыкул у апошнім выданьні прысьвечаны беларускай апазыцыі, якая, паводле аўтараў, стала ізгоем у сваёй краіне.

"Беларуская апазыцыя чужая сыстэме, пачынаючы з 1996 году, — піша "Wostok", — гэта азначае, што яна, адрозна ад большасьці эўрапейскіх краінаў, не прысутнічае ні ў якіх уладных структурах".

Паводле аўтараў, парлямэнт, такім чынам, можа прымаць антыдэмакратычныя законы, КГБ шпіёніць за апазыцыянэрамі й кантраляваць усю выбарчую кампанію дэмакратаў, дзяржаўныя СМІ — не даваць выступіць апанэнтам рэжыму. Ня дзіўна, што на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у апазыцыі не было ніякіх шанцаў перамагчы рэжым, — піша аўтар артыкула.

Штодзённая ўплывовая нямецкая газэта "Frankfurter Rundschau" засяроджвае ўвагу чытачоў на сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

"Свабода прэсы — гэта ў нейкім іншым месцы", — рэзюмуе свае ўражаньні пасьля знаёмства зь беларускай прэсай і беларускімі журналістамі Эва Вайкерт. Паводле франкфурцкай журналісткі, ейныя беларускія калегі зь недзяржаўных СМІ ўпэўненыя, што ўрад аб'явіў сапраўдную вайну іхным выданьням.

Як прыклад аўтар артыкулу у "FR" распавядае гісторыю з журналістам Аляксандрам Лабковым. Тры гады таму галоўны рэдактар незалежнай баранавіцкай газэты "Шаг" Лабкоў хацеў заснаваць прыватную лякальную радыёстанцыю. Ён знайшоў банк, які дапамог яму з крэдытам, а таксама заплаціў 1500 даляраў ЗША за перадатчык. Аднак гарадзкія ўлады пазьней адмоўна адрэагавалі на стварэньне незалежнай радыёстанцыі, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што горад ня мае патрэбы ў новым перадатчыку.

"Колькі ж свабоды дадзена ўладамі незалежнай прэсе, журналістам?" — ставіць рытарычнае пытаньне баранавіцкі журналіст. Празь дзесяць гадоў пасьля канца камунізму ў Беларусі дзяржава фактычна мае манаполію на электронныя СМІ, — піша "FR".

"У гэтай краіне ня можа выжыць ніводнае незалежнае выданьне, — сьведчыць прадстаўнік АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. — Тое, што незалежныя СМІ ўсё ж ёсьць — гэта дзякуючы амэрыканскім грошам. Аднак фінансаваньне павінна прыходзіць і з Эўропы", — сьцьвярджае амбасадар Вік.

І яшчэ адна публікацыя нямецкага друку. Гэта артыкул "200000 сьмерцяў пад менскім асфальтам". Ягоная аўтарка — журналістка бэрлінскай "Die Tageszeitung" Барбара Оэртэль.

На сьвятым для хрысьціянаў месцы пахаваньняў беларускі ўрад, які неаднойчы дэманстраваў павагу да царквы, дазваляе сабе будаваць аўтабан. Штодня па парэштках ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў рухаюцца бульдозэры. Будаўніцтву і зьдзекам з памяці аб страшных старонках гісторыі спрабуюць перашкодзіць маладыя людзі. Іх затрымліваюць міліцыянты. Аднак зараз ворагам абаронцаў Курапатаў зьяўляецца ня толькі рэжым, але і мароз, — піша Барбара Оэртэль.

Тым ня менш, невялікая цыдулка, якая прымацаваная да крыжа ў Курапатах, дае аптымізм: "Мы ніколі не забудзем кроў 30-х. Людзі не паўтараюць памылак гісторыі. Яна нагадвае вам, вам, вам..." — піша на старонках "TAZ" Барбара Оэртэль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG