Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЧЫНІЛІ ЗАДЗІНОЧАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ


Ягор Маёрчык, Менск

Адразу пасьля таго, як судзьдзя абвесьціў гэтае рашэньне, кіраўнічка ЗБС Крысьціна Вітушка дала інтэрвію нашаму карэспандэнту.

(Карэспандэнт: ) "Як вы расцэньваеце рашэньне суду?"

(Вітушка: ) "Гэтае рашэньне цалкам адпавядае той сытуацыі, якая склалася ў нас у дзяржаве. Усе гледачы заўважылі, што судзьдзя ўвайшоў у залю, не падымаючы вачэй, і прачытаў гэтае рашэньне. Нават у рашэньні былі такія пункты, якія пярэчылі адзін адному".

(Карэспандэнт: ) "З вашага гледзішча, наколькі рашэньне Вярхоўнага Суду адпавядае беларускім законам?"

(Вітушка: ) "Абсалютна не адпавядае, ні па якіх пунктах. Мы не гатовыя прызнаць ніводзін з пунктаў абвінавачаньня. Мы абверглі іх дастаткова пераканаўча, і пра гэта сьведчыць пратакол суду".

(Карэспандэнт: ) "Спачатку зачынілі "Пагоню", пасьля Моладзевы інфармацыйны цэнтар, а цяпер — вы. Ці няма тут тэндэнцыі?"

(Вітушка: ) "Тэндэнцыя відавочная. І ў Міністэрстве юстыцыі супрацоўнікі адкрыта заяўлялі, што наша арганізацыя — першая, на якую падрыхтаваная такая скарга ў суд, але не апошняя. Менавіта студэнты не падтрымалі Лукашэнку, менавіта студэнты выразна выказаліся супраць. Ён абяцаў разабрацца".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць нейкая міжнародная рэакцыя на тое, што сёньня адбывалася? Наколькі я ведаю, праваабарончыя арганізацыі ўжо нейкім чынам адрэагавалі".

(Вітушка: ) "Па-першае, у Брусэлі міжнародная студэнцкая канвэнцыя прыняла заяву па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці пра ліквідацыю ЗБС. Студэнцкая канвэнцыя выказалася за тое, каб працаваць з нашай арганізацыяй у любым выпадку. І кожная арганізацыя абавязалася зрабіць даклад у сваім парлямэнце пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

У Галяндыі парлямэнт ужо зьвярнуў увагу на сытуацыю зь ліквідацыяй Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і даслаў афіцыйны запыт у Міністэрства замежных справаў Беларусі. Акрамя таго, Міжнародная ліга правоў чалавека даслала запыт асабіста Аляксандру Лукашэнку. Шэраг праваабарончых арганізацыяў даслалі падобныя запыты ў Міністэрства юстыцыі і Вярхоўны суд, у Савет Міністраў. А таксама шэраг лістоў прыйшоў прыватна ад студэнтаў многіх навучальных установаў — ня толькі з розных краінаў, але нават з розных кантынэнтаў".

(Карэспандэнт: ) "Што будзе надалей з ЗБС?"

(Вітушка: ) "ЗБС будзе існаваць. Мне было сьмешна — я не магла стрымацца, калі судзьдзя прачытаў рашэньне зьліквідаваць арганізацыю.Так проста, нават па жаданьню Лукашэнкі, ніводную арганізацыю ліквідаваць немагчыма. Мы навучыліся выпутвацца з усіх перашкодаў. Так, могуць быць праблемы зь дзейнасьцю ва ўнівэрсытэтах, з афіцыйнымі запытамі ў міністэрствы.

Ёсьць і жаданьне, і рашэньне рады: мы будзем рэгістраваць новую арганізацыю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG