Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬНЯТАЕ АДНО З АБВІНАВАЧАНЬНЯЎ СУПРАЦЬ КАЛУГІНА, А НА ЗАВОДЗЕ ЛЯДОЎНЯЎ БУДЗЕ НОВЫ ДЫРЭКТАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справу дырэктара аб'яднаньня "Атлант" Леаніда Калугіна перадалі зь Менскага гарадзкога ў Рэспубліканскі дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

Вядзе справу Калугіна цяпер кіраўнік сьледчага аддзелу гэтага дэпартамэнту Генадзь Агапоненка. Паводле крыніцаў з дэпартамэнту, гэта сьведчыць пра надзвычайны характар справы. Ён, аднак, не жадае кантактаваць з журналістамі, спасылаючыся на тайну сьледзтва.

Сярод прад'яўленых Калугіну абінавачаньняў ужо не фігуруе 222-ы артыкул Крымінальнага кодэксу (выраб ці збыцьцё фальшывых плацёжных сродкаў). Такім чынам, цяпер сьледзтва спрабуе даказаць віну Калугіна ў злоўжываньні ўладай, невяртаньні валютных сродкаў з-за мяжы і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Максымальны тэрмін пакараньня за гэта — 8 гадоў турмы.

Між тым, заўтра на аб'яднаньні "Атлант" адбудзецца сход акцыянэраў, вынікам якога можа стаць замена дырэктара. Гэта сёньня галоўная тэма размоваў як у кулюарах адміністрацыі аб'яднаньня, гэтак і ў працоўным калектыве. Свае шанцы стаць дырэктарам "Атланту" цяперашні галоўны інжынэр і выканаўца абавязкаў гендырэктара Віктар Шуміла абмяркоўваць са мной адмовіўся.

(Шуміла: ) "Гэта ня тэма для абмеркаваньня... Нам тут хапае і без таго... Ня трэба, не перашкаджайце..."

Галоўны інжынэр адмовіўся таксама патлумачыць, у чым, акрамя сходу працоўнага калектыву, выявілася падтрымка Леаніду Калугіну. Нагадаю, неўзабаве пасьля арышту Калугіна на "Атланце" прайшоў сход працоўнага калектыву.

Сьведкі кажуць, што асабліва абураліся затрыманьнем дырэктара шараговыя працаўнікі. У выніку на сходзе заявілі, што будзе падрыхтаваны публічны зварот у падтрымку Калугіна, аднак дагэтуль такі зварот у мэдыях не зьявіўся. Адказныя асобы ў кіраўніцтве "Атланта" распавядаць пра зварот адмаўляюцца.

Былы кіраўнік штабу па збору подпісаў за вылучэньне Калугіна на прэзыдэнта Ўладзімер Яцук параіў мне зьвярнуцца да кіраўніка назіральнай рады акцыянэраў "Атланту" Зоі Літвінавай, аднак і яна вырашыла нічога журналісту не паведамляць.

Між тым, шараговыя працаўнікі "Атланту" сьцьвярджаюць, што ім нічога не вядома пра ліст у абарону Калугіна. Гэтак, знаёмы журналіст шматтыражнай газэты аб'яднаньня запэўніў, што ніякіх подпісаў у абарону Калугіна ніхто не зьбірае.

Дарэчы, ягоныя калегі назвалі перабольшаньнем зьвесткі пра тое, быццам Калугін ператварыў аб'яднаньне "ў філіял праваслаўнай царквы". "Канечне, тое, што ён глыбока набожны чалавек, было бачна і па ягоных размовах і па ўчынках, але нельга сказаць, што ён зблытаў працу і царкву", — сказаў другі журналіст.

Ён удакладніў, што побач з прадпрыемствам знаходзіцца царква, сапраўды пабудаваная і аздобленая на грошы "Атланту", але "гэта вельмі невялічкая царква, з адным купалам, разьдзьмуваць тут няма чаго", — лічыць журналіст. Паводле яго, "ніякіх спартовых забудоваў пад царкоўныя патрэбы Калугін не аддаваў".

Хлусьнёй былі названыя і зьвесткі пра тое, быццам, каб патрапіць на прыём да Калугіна, трэба было спачатку "ачысьціцца" на споведзі. "Нягледзячы на рэлігійны ўхіл, Калугіна рабочыя паважалі. Але на барыкады за яго, вядома, ня пойдуць. Зараз усе прыцішыліся ў чаканьні новага начальства", — сказаў супрацоўнік шматтыражнай газэты. Гэты журналіст, як і ягоныя калегі, не пажадалі, каб былі названыя іхныя прозьвішчы.
XS
SM
MD
LG