Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЗВОЛЬНІЛІ З ПРАЦЫ ВА ЎНІВЭРСЫТЭЦЕ КІРАЎНІКА МЯСЦОВАЙ ФІЛІІ ГЕЛЬСЫНСКАГА КАМІТЭТУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Нагодай для звальненьня Iгара Маслоўскага зьявiлася тое, што яго не абралі на займаную пасаду. Гэтак вырашыла вучоная рада геаграфiчнага факультэту Берасьцейскага дзяржунiвэрсытэту.

Мiж тым навуковая i выкладчыцкая дзейнасьць спадара Маслоўскага атрымала станоўчыя водгукi на катэдры фiзычнай геаграфii, дзе ён працаваў асыстэнтам. Менавiта гэтая катэдра рэкамэндавала пераабраньне Iгара Маслоўскага на займанай пасадзе. Таму рашэньне вучонай рады факультэту, якая ў большай ступенi залежная ад кiраўнiцтва ўнiвэрсытэту, спадар Маслоўскi лiчыць неабгрунтаваным:

(Маслоўскi: ) "Я ня бачу нiводнай падставы, акрамя, напэўна, палiтычнай, дзеля выцiсканьня мяне з пасады асыстэнта катэдры фiзычнай геаграфii i аховы прыроды".

Узгадваючы пра сваю актыўную грамадзкую дзейнасьць Iгар Маслоўскi мае на ўвазе працу кiраўнiком Берасьцейскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камiтэту, а таксама сяброўства ў мясцовых фiлiях Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi "Народная Грамада" i Свабоднага прафсаюзу. Спадар Маслоўскi мае намер абскардзiць рашэньне вучонай рады.

Варта адзначыць, што гэта ўжо ня першы выпадак, калi ў Берасьцейскiм дзяржунiвэрсытэце адбываецца перасьлед актывiстаў палiтычных партыяў, грамадзкiх аб'яднаньняў i прафсаюзаў. Цягам апошнiх месяцаў па аналягiчным сцэнары з навучальнай установы звольнілі некалькiх сяброў БНФ, Кансэрватыўна-хрысьцiянскай партыi БНФ i Свабоднага прафсаюзу.

Цiск на выкладчыкаў, што маюць апазыцыйныя погляды, узмацнiўся пасьля прэзыдэнцкiх выбараў. Шмат хто ва ўнiвэрсытэце зьвязвае гэта з паводзiнамi рэктара Ўладзiмера Плецюхова, якi ёсьць адным з кiраўнiкоў пралукашэнкаўскай Камунiстычнай партыi Беларусi.

На нарадзе ў аблвыканкаме, прысьвечанай вынiкам выбараў, спадара Плецюхова крытыкавалі за тое, што студэнты i выкладчыкi бралi актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампанii на баку альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. Гэта, на думку супрацоўнiкаў навучальнай установы, i зьявiлася падставай для цяперашняга перасьледу найбольш актыўных асобаў, што маюць дачыненьне да ўнiвэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG