Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ - СЬВЕТ АДГУКАЕЦЦА НА СЬМЕРЦЬ ГАРЫСАНА


Сяргей Шупа, Вільня

* ЛЁС-АНДЖЭЛЕС. У мінулы чацьвер у прыватнай клініцы ў Лос-Анджэлесе памёр ад раку 58-гадовы Джордж Гарысан, былы ўдзельнік легендарнага гурта The Beatles. Стары сябар Гарысана, клясычны індыйскі музыкант Раві Шанкар, правёў са сьпеваком ягоны апошні дзень. Ён паведаміў, што Джордж Гарысан памёр спакойнай сьмерцю.

* ЛЁС-АНДЖЭЛЕС. Сям’я Джорджа Гарысана зьбіраецца, у адпаведнасьці зь ягоным жаданьнем, разьвеяць ягоны прах над адной са сьвятых рэк у Індыі. Пасьля кароткай разьвітальнай цырымоніі, у якой бралі ўдзел блізкія родныя сьпевака, адбылася крэмацыя, пасьля чаго ягоны прах быў аддадзены жонцы Алівіі і сыну Дгані.

* БРЫСБЭН (АЎСТРАЛІЯ). Мэмарыял Джорджа Гарысана будзе збудаваны пры яго аўстралійскай сядзібе каля Вялікага Бар’ернага Рыфу. Гарысан меў дом у міжземнаморскім стылі на выспе Гамілтан каля ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі, дзе ён часта хаваўся ад празьмернай публічнай увагі. Мэмарыял зьбіраюцца збудаваць сябры і суседзі Гарысана.

* ЛЁНДАН. Апошнія месяцы свайго жыцьця Джордж Гарысан патаемна запісваў свой апошні альбом, паведамляе лёнданская газэта The Sunday Times. У альбом уваходзіць 25 ніколі не выдаваных песень. Дзе і калі выйдзе альбом — вырашыць сьпевакова жонка Алівія. Тым часам брытанскія палітыкі заклікалі надаць Джорджу Гарысану пасьмяротна рыцарскую годнасьць і тытул сэра.

* ЛЁНДАН. Гледачы брытанскага тэлеканалу Channel 4 найлепшым фільмам усіх часоў прызналі кінаэпапею Джорджа Лукаса «Зорныя войны». У першую пяцёрку ўлюбёных фільмаў трапілі таксама «Хросны бацька» Фрэнсіса Форда Копалы, «Уратаваньне з Шошанку» з Морганам Фрыманам і Тымам Робінсам, «Таннае чытво» Квэнтына Тарантына і «Некаторыя любяць чым гарачэй» Білі Ўайлдэра. Вынікі апытаньня, у якім узялі ўдзел 20 тысячаў гледачоў, расчаравалі кінакрытыкаў. прызнаны імі найлепшым фільм «Грамадзянін Кэйн» Орсана Ўэлза заняў у сьпісе 19-е месца.

* Тым часам Джордж Лукас паведаміў пра блізкае завяршэньне працы над 2-ім эпізодам «Зорных войнаў», якая будзе называцца «Напад клонаў» і выйдзе на кінаэкраны сьвету ў траўні будучага году. Гэта будзе пяты фільм кінаэпапеі зь незвычайнай нумарацыяй — дагэтуль ужо выйшлі 4-ты, 5-ты, 6-ты і 1-шы эпізоды.

* БЭРЛІН. Францускі фільм «Казачны лёс Амэлі Пулен» і ягоны рэжысэр Жан-П’ер Жэнэ атрымалі прызы Эўрапейскай акадэміі кінамастацтва ў катэгорыях найлепшы фільм і найлепшы рэжысэр. Найлепшай эўрапейскай акторкай прызнаная францужанка Ізабэль Юпэр за ролю ў аўстрыйскім фільме «Настаўніца фартэпіяна», а найлепшым акторам — брытанец Бэн Кінгслі за ролю ў брытанска-гішпанскім фільме «Зьвер сэксу». Абвяшчэньне вынікаў адбылося ў суботу ў Бэрліне. Эўрапейская акадэмія кінамастацтва была створаная ў 1989годзе, яе першым кіраўніком быў Інгмар Бэргман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG